АСАБЛІВАСЦІ ЎБОРКІ: замест пажарных машын — цягач

Экономика и финансы

1— За ўвесь час сёлетняга жніва не выдалася ніводнай сямідзёнкі, каб камбайны не прастойвалі па дні-два з-за дажджоў, — канстатаваў пры размове пра ход уборачнай кампаніі дырэктар райаграсэрвіса Аляксандр Смольнік. — Калі летась даводзілася сачыць, каб каля камбайнаў дзяжурыла пажарная машына, то цяпер абавязковым дзяжурным з’яўляецца ‘‘Амкадор’’. Як цягач, бо месцамі глеба настолькі пераўвільготнілася, што камбайны рэгулярна правальваюцца.

Сапраўды, жніво гэтага года выпрабоўвае нашых хлебаробаў на ўменне мабілізавацца на эфектыўную работу не тое, што на цэлы тыдзень, а нават на гадзіны, якія выдаюцца ў прасветы паміж воблакамі, што згушчаюцца ў хмары. І дзе паспяваюць зрабіць гэта аператыўна — выігрываюць. — Напрыклад, у сераду, — расказваў далей А. Смольнік, — з раніцы надвор’е абяцала сонечны дзень. Толькі прыехалі на ўчастак яравой пшаніцы, як пасыпаў дождж. Але камбайны назад не пагналі. І не прагадалі. Пасля 15-ці гадзін убралі ўсю пло- шчу, намалацілі 110 тон зерня.

Трэба адзначыць, што сёлетняя ўборка збожжавых у аграсэрвісе вядзецца даволі высокімі тэмпамі. На сераду гэтага тыдня там паспелі абмалаціць 496 гектараў, з якіх на сушыльны комплекс паступіла 1136 тон зерня, а сярэдняя ўраджайнасць вагаецца ў межах 23 — 25 цэнтнераў з гектара. Праўда, як рэальна ацэньвае абстаноўку кіраўнік сельгаспрадпрыемства, такі ўраджай на гэтых лічбах не ўтрымаецца. З пасеяных 860 гектараў у збожжавым кліне амаль 500 займалі азімыя. Пры тым пшаніца высявалася элітным насеннем і давала больш за 30 цэнтнераў з гектара. Жыта намалочвалі па 28 — 30 ц з га. Ячмяні ж, хоць і маюць важкі колас, пры цяперашніх дажджах пачынаюць зарастаць травой, і, каб іх вымалаціць, патрэбна сухое надвор’е, якога сіноптыкі пакуль не абяцаюць. Гэта і пацягне страты.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкасці, хлебаробы ААТ ‘‘Браслаўскі райаграсэрвіс’’ уборачную кампанію вядуць дастойна. З шасці камбайнаў, якімі сёлета ўбіраюць збажыну, пакуль ніводзін не прастойваў з-за паломак. За кожнымі двума ўборачнымі агрэгатамі замацавана па МАЗу з прычэпам, таму кожны камбайнер высыпае намалочанае зерне ў асобны кузаў.

А яшчэ, як лічыць кіраўнік, падтрымліваць тэмпы ўборкі, выкарыстоўваць кожную пагожую хвіліну дапамагае тое, што на ўборцы і адвозцы задзейнічаны толькі свае працаўнікі, правераныя і адказныя. Нездарма ж у ліку лідараў жніва ў раённым спаборніцтве іх камбайнер Рыгор Шчарбіцкі і вадзіцель Іван Вялічка.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.