З ДЫНАСТЫІ ПЕДАГОГАЎ

Люди

1Звычайна пры выбары прафесіі хлопцы аддаюць перавагу тэхнічным спецыяльнасцям, а дзяўчаты — гуманітарным. Малады спецыяліст Алена Ярмаловіч, можна сказаць, “выключэнне з гэтага правіла”. Ды і ўвогуле, у яе жыцці шмат незвычайнага і цікавага. Як доказ — справа жыцця, якую яна абрала: дзяўчына працуе педагогам-інжынерам у Відзаўскім ДПТК.

Родам Алена з далёкага горада Камянца, Брэсцкай вобласці, што амаль на граніцы з Польшчай. З дзяцінства яна захаплялася тэхнікай, з цікавасцю назірала за тым, як тата рамантуе машыны, а любімымі прадметамі былі матэматыка і фізіка. У старэйшых класах адзіная з дзяўчат разам з хлопцамі вучылася ў групе вучэбна-вытворчага камбіната. Тады ж сур’ёзна вырашыла, што хацела б стаць ці спецыялістам у тэхнічнай сферы, ці педагогам, бо перад вачыма быў годны прыклад бацькоў.

На шчасце, выбіраць не давялося, бо даведалася, што ў Мозырскім педагагічным універсітэце ёсць спецыяльнасць “педагог-інжынер”. Дзяўчына паспяхова здала ўступныя іспыты, стала студэнткай і трапіла ў групу, дзе былі адны хлопцы і некалькі дзяўчат. Вучыцца, па словах Алены, было цікава, а тэхнічныя спецыяльнасці ёй даваліся лёгка. Калі ж надыйшоў час размеркавання, дзяўчыне прапанавалі паехаць на Браслаўшчыну.

— Пра Браслаўскі раён і раней шмат чула, таму з задавальненнем згадзілася тут працаваць. Хоць і далёка ад дома, але я прывыкла да самастойнасці і пераезд мяне не пужаў. Так атрымалася, што жыла ў адной вобласці краіны, вучылася ў другой, а на працу трапіла ў трэцюю. Да таго ж, калі стала даведвацца пра каледж, зразумела, што не прагадала. Мяне з радасцю прынялі ў калектыве, дапамаглі ўладкавацца, выдзелілі пакой у інтэрнаце. Заставалася толькі добра і старанна працаваць, — расказвае Алена.

Цяпер дзяўчына выкладае ўстройства трактароў і сельгасмашын, самаходных сельгасмашын. Працаваць даводзіцца з навучэнцамі ўсіх курсаў. Акрамя гэтага дзяўчына з’яўляецца куратарам першакурснікаў. Разам педагог і выхаванцы дзеляцца поспехамі і няўдачамі, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, арганізуюць занятасць у вольны час.

— Я рада, што першым месцам працы стала навучальная ўстанова, вядомая далёка за межамі раёна. Падабаецца мне і Браслаўшчына, асабліва яе светлыя і прыгожыя азёры. Горад Камянец, адкуль я родам, знаходзіцца побач з Белавежскай пушчай, дзе кругом лясы, а тут зусім іншая прырода. У мяне ёсць добрая работа, студэнты, якія паважаюць, з’явіліся новыя сябры. Далёка не загадваю, але я б хацела застацца на Браслаўшчыне, — дзеліцца думкамі дзяўчына.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.