ТРЭЦЬ ПЛОШЧАЎ УБРАНА

Экономика и финансы

1На вечар мінулай пятніцы хлебаробы КУСП «Відзаўскі» намалацілі першую тысячу тон зерня. Як лічыць дырэктар гаспадаркі Юрый Трыдзенскі, пачатак уборачнай кампаніі атрымаўся важкім па намалотах і даволі энергічным па тэмпах. Абумоўлена гэта некалькімі фактарамі. Трымаць высокія тэмпы жніва дапамагае ў першую чаргу тое, што сёлета на ўборцы задзейнічаны ўсе 5 камбайнаў (летась адзін прастойваў). У іх рамонт уклалі значныя сродкі, рыхтаваць імкнуліся так, каб не здаралася сур’ёзных паломак. І пакуль што прастояў, калі не ўлічваць дажджлівыя дні, не здаралася.

Не благі ўраджай даюць азімыя пшаніца і трыцікале. Кожны гектар — па 25-26 цэнтнераў. Гэта дало магчымасць ужо закрыць дзяржзаказ па пшаніцы. Яе на КХП адпраўлена 300 тон. Паралельна запрацавалі і ачышчальныя агрэгаты, на якіх рыхтуюць насенны матэрыял.

Праўда, ёсць у гаспадарцы і праблемныя моманты. У першую чаргу гэта датычыць дасушвання зерня. Купленая ў мінулым годзе новая сушыльная ўстаноўка так і не запрацавала ні летась, ні сёле- та. Пастаўшчык жа агрэгата толькі абяцае вярнуць грошы за пастаўлены брак, але абяцанняў так і не выконвае. Таму ўсё зерне даводзіцца прапускаць праз стары сушыльны комплекс у Дрысвятах. А паколькі ў сельгаспрадпрыемстве няма і ворахусушылак, зацягнулася ўборка насеннікаў шматгадовых злакавых траў, якую пачалі толькі ў суботу. Зразумела, што ўраджай іх будзе ўжо не тым.

У бліжэйшых планах агранамічнай службы і кіраўніка пачаць абмалот азімага жыта, каб закрыць дзяржзаказ, а потым пераключацца на ўборку яравых.

Для падтрымання высокіх тэмпаў жніва, яго якасці, у гаспадарцы распрацаваны комплекс заахвочвальных стымулаў. Прафкам рэгулярна падводзіць вынікі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў. На першай трэці жніва ў лідарах камбайнеры Уладзіслаў Бейнар, Аляксандр Галавач і Сяргей Шавякоў. Дарэчы, Сяргей працуе ў нацыянальным парку, яго арганізацыя камандзіравала на дапамогу, і ён свае новыя абавязкі выконвае бездакорна. А сярод вадзіцеляў бяспрэчным лідарам з’яўляецца Васіль Галавач, які перавёз ужо больш за 300 тон зерня.

Думаюць у сельгаспрадпрыемстве і пра будучы ўраджай. Пад азімыя ўжо ўзарана 490 га глебы. Гатовы да работы культыватары, у стадыі завяршэння рамонту пасяўны агрэгат. І калі не задажджыцца, то ў канцы гэтага тыдня прыступяць да сяўбы азімага рапсу.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.