Ужо чакаюць вучняў школы

Общество

IMG_4392Пакуль дзеці адпачываюць на канікулах, ва ўстановах адукацыі кіпіць работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. На гэтым тыдні яны праходзяць выпрабаванне “прыёмкамі”. Камісія з прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму, іншых службаў правярае кожную школу і садок і выдае ім пашпарты гатоўнасці.

Як расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч, адукацыйная прастора раёна ўключае ў сябе 36 аб’ектаў. Да пачатку новага навучальнага года ва ўсіх установах выконваліся работы па касметычным рамонце памяшканняў вучэбных класаў, калідораў, харчблокаў, спартыўных залаў. Кожная ўстанова адукацыі сама вырашала, на што патраціць сродкі. Каб дзеці займаліся ў добрых умовах, на месцах прыкладзена шмат намаганняў і сіл.

Сярод найбольш буйных праведзеных работ — рамонт даху (Пагашчанскі ДС, Плюскі ДСБШ), ганка (гімназія, Іказненскі ДСБШ, Опсаўскі ДССШ, яслі-сад № 3), актавай залы ў гімназіі, ціра ў СШ № 2, фасада будынка Дрысвяцкага ДССШ, раздзявалак і душавых у СШ № 1. У Друйскай сярэдняй школе мадэрнізуецца гісторыка-краязнаўчы музей, на што скарыстана 100,0 млн рублёў спонсарскіх сродкаў. Таксама ў гімназіі замянілі лямпы на энергазберагальныя, у шэрагу ўстаноў набылі новыя камп’ютары і мэблю. Гатовы спартыўныя залы і гульнявыя пляцоўкі. Падрыхтаваліся і да ацяпляльнага сезона: правялі прамыўку і гідравыпрабаванне сістэм ацяплення.

  • Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года скарыстана 3784,4 млн недэнамінаваных рублёў (2814,4 — бюджэтных і 970,0 — пазабюджэтных), у тым ліку 209,3 — на добраўпарадкаванне тэрыторый, 892,2 — на гульнявое, вучэбнае абсталяванне і тэхнічныя сродкі, 2682,9 — на рамонт.

Безумоўна, галоўная ўвага надаецца рамонтным і касметычным работам унутры будынкаў. Аднак не забываюць ва ўстановах адукацыі і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі. Вось і перад новым навучальным годам паўсюдна з’явіліся вынасныя кантэйнеры з кветкамі, новыя і адноўленыя ранейшыя архітэктурныя формы, выдалены старыя дрэвы, прыведзены ў належны стан дэкаратыўныя сажалкі, дзесьці з’явіліся дарожкі, праведзена рэканструкцыя зон адпачынку, разбіты кветнікі.

Перад гэтым навучальным годам заменена агароджа ў яслях-садзе № 2, № 3, Дрысвяцкім ДССШ, Быстрамаўскім і Іказненскім ДСБШ. Каля СШ № 2 абсталявана новая дарожка і адрамантаваны фантан. Змяніліся тэрыторыі Відзаўскай школы і дзіцячага садка.

Як зазначыў Іван Абаровіч, асабліва вызначаюцца ў плане добраўпарадкавання тэрыторыі гімназіі, Ахрэмаўскага, Урбанскага і Опсаўскага ДССШ, Плюскага ДСБШ, ясляў-сада № 3 і № 4.

Установы адукацыі сур’ёзна рыхтаваліся, каб прыняць дзяцей у новым навучальным годзе. Засталося толькі атрымаць пашпарты гатоўнасці — і можна пачынаць вучэбны працэс.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара