Браслаўчане ў Кракаве

Калейдоскоп

P1530019Браслаўская моладзь прыняла ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве, якія адбываліся з 20 па 31 ліпеня.

Напрыканцы мінулага месяца ўвесь каталіцкі свет перажываў асаблівую падзею, бо шматлікія маладыя людзі з усіх кантынентаў з’ехаліся ў Кракаў, каб прыняць удзел у Сусветных днях моладзі і спаткацца з Папам Рымскім Францішкам.

З нашай парафіі на гэтую значную падзею адправіліся 50 маладых людзей. Асноўную частку групы склалі браслаўчане, па дарозе да іх далучыліся хлопцы і дзяўчаты з Полацка, Мёр і Мінска.

Першыя дні ў Польшчы наша група жыла ў горадзе Скаржынску, дзе нас чакалі і вельмі цёпла і сардэчна сустрэлі. Кожны дзень з 20 па 24 ліпеня быў вельмі насычаны: мы наведвалі розныя спатканні, выстаўкі, музеі, пазнаёміліся з мясцовай моладдзю і разам праводзілі малітоўныя сустрэчы, весела бавілі вольны час. 25 ліпеня наша група накіравалася ў Кракаў, дзе зноў жылі ў сям’ях. Там нас уразіў дух адзінства паміж католікамі з усяго свету. Не важна, якога ты колеру скуры, не важна, з якога кантынента, — важна, што ўсе разам. Калі мы сустракаліся, то адорвалі адзін аднаго ўсмешкамі, віталіся далонямі і рабілі шмат сумесных фотаздымкаў. Дні распачыналіся катэхэзамі ў парафіі святога Максімільяна Марыі Кольбэ, дзе былі размешчаны шматлікія ўдзельнікі з Беларусі. Катэхэзы і святыя Імшы праводзілі беларускія біскупы.

Кульмінацыйным момантам Сусветных дзён моладзі стала святая Імша, якую ўзначаліў Папа Рымскі Францішак.

Паразмаўляўшы з моладдзю, якая прымала ўдзел у спатканні, магу сказаць, што гэтая паездка і сустрэча кранулі іх сэрцы.

Сястра Таццяна Гмыза.

Фота Людмілы Бурлевіч.