ГАЛОЎНЫ ІНФАРМАТАР БРАСЛАЎЧАН «Браслаўская звязда»

В свободное время Калейдоскоп

Не сакрэт, што многія жыхары раёна любяць пагартаць старонкі раённай газеты і 1прачытаць свежыя навіны з жыцця Браслаўшчыны. Знаёмства з друкаваным выданнем нашага рэгіёну пачынаецца ў многіх яшчэ са школы. Аднак не ўсе дзеці, ды і дарослыя, ведаюць, што “Браслаўская звязда” мае багатую гісторыю.

Выправіць гэту недакладнасць вырашылі вучаніцы 4 класа СШ № 1 Ганна Лепяшко, Настасся Чарняўская і Вікторыя Угарэнка разам са сваёй настаўніцай Людмілай Еўдакімавай. Адпаведнае даследаванне яны прадставілі на майскай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў.

У рабоце “Звязда? Браслаўская звязда” школьніцы паспрабавалі вывучыць гісторыю існавання раённай газеты і тым самым пашырыць веды пра Браслаўшчыну і яе жыхароў. Для гэтага юныя даследчыкі выкарыстоўвалі розныя метады: збіралі матэрыял, карысталіся дакументамі фондаў краязнаўчага музея, сустракаліся з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты, праводзілі анкетаванне чытачоў.

Дзяўчынкі даведаліся, што раённая газета пачала адлік сваёй гісторыі з 1939 года. Дарэчы, першыя экзэм- пляры выдання і да гэтага часу захоўваюцца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Цікава, што спачатку газета называлася “Звязда”, а потым была перайменавана ў “Браслаўскую звязду”. Чацверакласніцы даследавалі і гісторыю браслаўскай тыпаграфіі ‘‘Магата’’, у якой у пасляваенны час друкавалася “раёнка”, а таксама тое, як змяняўся знешні выгляд газеты на працягу дзесяцігоддзяў.

У частцы “Памятныя даты, імёны, лічбы ў гісторыі газеты” юныя даследчыкі ўзгадалі ўсіх кіраўнікоў друкаванага выдання, прасачылі, як на працягу гадоў мяняўся тыраж, фармат і змест “Браслаўскай звязды”, а таксама якімі ўзнагародамі ганарыцца калектыў.

Ад вывучэння гісторыі выдання школьніцы перайшлі да сучаснасці. Пагартаўшы старонкі “Браслаўскай звязды”, дзяўчынкі высветлілі, якія тэмы і рубрыкі часцей за ўсё знаходзяць адлюстраванне, а потым правялі анкетаванне сярод настаўнікаў і бацькоў і прыйшлі вось да якой высновы. Сярод апытаных 64% з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі, у асноўным яны выпісваюць “раёнку” праз пошту. Дарэчы, ёсць сярод іх і тыя, хто неразлучны з газетай каля 30 гадоў. А цікавяць падпісчыкаў часцей за ўсё навіны, матэрыялы пра жыхароў Браслаўшчыны.

У выніку школьніцы прыйшлі да высновы, што “Браслаўская звязда” мае багатую гісторыю, а на праця- гу вось ужо 77 гадоў яе актыўна чытаюць і высока цэняць. Многім інтэрнэт не заменіць паху свежай фарбы, магчымасці пагартаць падшыўку газет, дзе клапатлівай рукой абведзеныя артыкулы пра дзяцей ці ўнукаў, абмеркаван- ня ў коле сям’і гарадскіх навін і здарэнняў, прачытаных у “раёнцы”. І пакуль ёсць такія чытачы, газета будзе існаваць і прыносіць людзям радасць.

■ Таццяна ПЯТУШКА.