Жніво пачалі без раскачкі

Экономика и финансы
1
Аператары сушыльнай устаноўкі Валерый Данілаў і Аляксандр Вірбал.

Сёлета хлебаробы СВК «Маяк Браслаўскі» першымі ў раёне пачалі ўборку збожжавых культур. Пра асаблівасці жніва, віды на ўраджай і арганізацыю работ карэспандэнту газеты Аляксандру Азевічу расказала галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь.

— Не ведаю, чым гэта патлумачыць, аднак у гэтым годзе і збожжавыя, і насеннікі шматгадовых траў, і азімы рапс паспелі значна раней, чым у папярэднія. І калі б стаяла сушэйшае надвор’е, жніво можна было б пачаць яшчэ раней. Праўда, у гэтым ёсць і свае плюсы. У адрозненне ад мінулых гадоў, калі першы тыдзень даводзілася жаць выбарачна, прыбаўляючы кожны дзень па 2-3 камбайны, сёлета з першага дня запусцілі ў работу ўсе 16 збожжаўборачных агрэгатаў і іх не даводзілася пераганяць з аднаго ўчастка на другі ў пошуках спелага зерня. Таму і тэмпы ўзялі высокія. У дні, калі не перашкаджаў дождж, намалочвалі ад 400 да 600 тон збожжа.

Што датычыць відаў на ўраджай, можна сказаць адно: леташняга валу не збяром. Прычыны таму вядомыя. Гэта і недахоп пад сяўбу мінеральных угнаенняў, і зрэджанасць з-за засухі яравых культур, ды і, як паказвае першы тыдзень жніва, надвор’е не дасць весці абмалот такімі тэмпамі, як летась. Тым не менш на карані стаіць нядрэнны ўраджай. Два дні назад, напрыклад, малацілі элітную азімую пшаніцу. Сабралі па 54 цэнтнеры з гектара. І ёсць яшчэ нямала такіх палеткаў, дзе намалот будзе перавышаць 40 — 45 цэнтнераў. Таму спрыяе тое, што кожны год перад ворывам пад азімыя куль- туры мы абавязкова ўносім гліфасаты. Без гэтага пры вільготным надвор’і не намалочвалі б і паловы таго, што маем. Скажам, летась большую частку гэтых прэпаратаў уносілі на далёкаўскай зоне, дзе палеткі больш затравелыя, там і пустазелле яшчэ не пайшло ў рост. А як збажына затравее, шмат зерня, нават калі яно і ёсць у каласах, не намалоціш. Гэта неад’емны прыём агратэхнікі.

Паколькі, акрамя насеннага, усё наша зерне ідзе на пракорм пагалоўя свінакомплексу, нават сухое мы абавязаны прапусціць праз сушылкі не менш за 20 мінут пры тэмпературы 55 °С. Таму ў рабоце ўжо задзейнічалі 3 сушыльныя ўстаноўкі, і чакаю не дачакаюся, калі запрацуе новая. Яна практычна гатова да работы, засталося заасфальтаваць пад’язныя дарогі і зернепрыёмныя пляцоўкі. Тады можна будзе весці жніво і больш высокімі тэмпамі. Хаця і цяпер працуем ад расы да расы.

Паралельна са жнівом вядзём нарыхтоўку саломы. Яе на подсціл жывёле заатэхнічная служба заказала 2 тысячы тон.

У цэлым жа жніво пачалося даволі інтэнсіўна, толькі вось сухога надвор’я яўна не хапае. І мяркуючы па прагнозах, паліваць будзе рэгулярна, таму настройваемся на тое, каб максімальна выкарыстоўваць кожны сонечны дзень, кожную гадзіну. Іншага падыходу быць не можа.

  • У гаспадарцы збожжавымі і зернебабовымі культурамі занята 3762 гектары. За першы тыдзень уборкі зжата і абмалочана 787 га. З гэтай плошчы сабрана 2540 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 32,3 ц з га.

■ Фота аўтара