СІМВАЛ АФГАНІСТАНА

Главное Калейдоскоп

Паветрана-дэсантныя войскі на прасторах былога Савецкага Саюза заўсёды IMG_3785лічыліся элітнымі падраздзяленнямі Узброеных Сіл. Сваю гісторыю ПДВ адлічваюць з 2 жніўня 1930 года, калі на вучэннях паветраных сіл Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам было дэсантавана на парашутах 12 чалавек.

Вечнай славай пакрылі сябе дэсантнікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У суверэннай Беларусі дата святкавання Дня ПДВ засталася той жа, што і ў савецкія часы. Асаблівая ж старонка ў гісторыі беларускіх паветрана-дэсантных войск — удзел 103-й Віцебскай дэсантнай дывізіі і 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння ў баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан. Сотні байцоў у блакітных берэтах гэтых падраздзяленняў былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, а семярым прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Але не пра гераічныя ўчынкі нашых землякоў у далёкай краіне хачу сёння расказаць, а пра незаменную баявую ахоўніцу салдат — баявую машыну дэсанта (БМД), якая пасля вайны ў Афганістане стала сімвалам дэсантнага братэрства.

На зыходзе 60-х гадоў дэсантнікі пасля прызямлення заставаліся як бы пехацінцамі. Тады перад ваеннымі інжынерамі і была пастаўлена задача сканструяваць хуткую, усепраходную машыну, якую можна дэсантаваць на парашутах. Ёй і стала БМД.

Серыйны выпуск баявых машын дэсанта пачаўся ў 1968 годзе на Валгаградскім трактарным заводзе яшчэ да афіцыйнага прыняцця на ўзбраенне. Пры канструяванні гэтай тэхнікі ваенныя інжынеры прыдумалі прынцып зменнага клірэнса (прасвету паміж днішчам і зямлёй). Гэта дазваляе машыне паспяхова хавацца за складкамі мясцовасці, што не раз у час баявых дзеянняў у Афганістане выратоўвала байцоў ад немінучай гібелі. Увогуле, на той вайне гэтая тэхніка зарэкамендавала сябе мабільнай, моцнай, агрэсіўнай, а галоўнае, надзейнай пры любых кліматычных умовах, за што і палюбілася дэсантнікам.

У 2011 годзе ў скверы ля СШ № 1 нашага горада ў якасці памятнага знака воінам-афганцам і ўдзельнікам іншых лакальных войнаў была ўстаноўлена БМД. І гэта не проста спісаная і знятая з узбраення тэхніка. Машына ваявала ў Афганістане, затым служыла ў якасці вучэбна-баявой адзінкі ў адным з падраздзяленняў дэсантных войск Беларусі. Так што біяграфія яе насычана шматлікімі падзеямі.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара