ПЁТР ШЭРШАНЬ — КАНДЫДАТ У ЧЛЕНЫ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ

Главное

У мінулую пятніцу на сумесным пасяджэнні прэзідыума Браслаўскага раённага 01Савета дэпутатаў і Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта кандыдатам у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання вылучаны Пётр Шэршань.

Як патлумачыла прысутным старшыня райсавета Ніна Пучынская, паўнамоцтвы дзеючага складу Савета Рэспублікі канчаюцца ў верасні. У сувязі з гэтым ідзе вылучэнне кандыдатаў у новы склад заканадаўчага органа. Згодна з дзейным заканадаўствам, ім можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці або горада Мінска не менш за пяць гадоў. Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць мясцовым саветам дэпутатаў і выканаўчым органам.

Дырэктар ВУ ‘‘Браслаўгаз’’ філіяла УП ‘‘Віцебскаблгаз’’ Яраслаў Сапель прапанаваў кандыдатуру Пятра Шэршаня, які цяпер займае пасаду генеральнага дырэктара вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ‘‘Віцебскаблгаз’’ і ўжо тройчы абіраўся членам Савета Рэспублікі. Актыўна падтрымалі кандыдатуру старшыня СВК ‘‘Маяк Браслаўскі’’ Рамуальд Шукель, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч, старшыня Слабодкаўскага сельсавета Станіслаў Кяпсня, урач-валеолаг ЦРБ, в. а. старшыні РА Чырвонага крыжа Генадзь Швец. Пры гэтым былі адзначаны высокі аўтарытэт Пятра Шэршаня ў грамадстве, яго арганізатарскія і кіраўнічыя здольнасці. Члены прэзідыума і райвыканкама прагаласавалі за кандыдатуру Пятра Пятровіча аднагалосна.

■ Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.

Пётр Пятровіч Шэршань нарадзіўся ў 1949 годзе ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Мінскую вышэйшую партыйную школу. Прайшоў працоўны шлях ад слесара і агранома да старшыні калгаса і намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама.

Працаваў старшынёй выканкама Гарадоцкага раённага Савета народных дэпутатаў. З 1985 па 1990 гг. — першы сакратар Браслаўскага раённага камітэта КПБ Віцебскай вобласці. За перыяд з 1990 года па цяперашні час прайшоў шлях ад загадчыка аддзела паліва Віцебскага аблвыканкама да генеральнага дырэктара вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства ‘‘Віцебскаблгаз’’.

Тройчы абіраўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалём ‘‘За працоўныя заслугі’’, мае ганаровае званне ‘‘Заслужаны энергетык Рэспублікі Беларусь’’. Лаўрэат Ганаровага звання ‘‘Чалавек года Віцебшчыны’’, ‘‘Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна’’. Жыве ў г. Віцебску, беспартыйны.