Магазін Вольгі Пятроўскай: прыгажосць як прыклад

Строительство. ЖКХ. Благоустройство Экономика и финансы

IMG_3537Нядаўна ў час размовы са старшынёй Ахрэмавецкага сельвыканкама Дзіянай Тарун выпадкова закрануў тэму добраўпарадкавання населеных пунктаў. Тады яна сказала: «Цяга да прыгожага павінна быць у чалавека ўнутры яго самога. А калі гэтага няма, яго ні бізуном, ні пернікам не прымусіш тварыць прыгажосць і дабро».

Як прыклад Дзіяна Феліксаўна прывяла мне жыццёвую пазіцыю індывідуальнай прадпрымальніцы Вольгі Пятроўскай. Доўгі час гэтая жанчына працавала загадчыцай мясцовага магазіна. Але вырашыла адкрыць уласны бізнес. Якраз прадаваўся будынак прыватнага ларка, які яна і адкупіла. Але перш чым распачаць гандаль, грошы пачала ўкладваць у добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол гандлёвай кропкі. Сёння яе магазін патанае ў зеляніне туй і стракатых фарбах разнастайных кветак і з’яўляецца ці не самым прыгожым куточкам аграгарадка Ахрэмаўцы.

І па жыцці Вольга Пятроўна займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Жанчына абрана дэпутатам мясцовага Савета і старэйшынай, рэгулярна выступае спонсарам культурных мерапрыемстваў. А з усіх іх на першае месца ставіць праводзімае штогод свята вёскі, на якім на першы план выдзелены конкурс па добраўпарадкаванні прысядзібных тэрыторый. На яго, як правіла, яе абіраюць старшынёй журы, бо ведаюць, што В. Пятроўская мае адметны густ, непрадузята ставіцца да ўсіх удзельнікаў конкурсу, імкнецца да таго, каб не толькі ля яе магазіна і дома было заўсёды прыгожа, а год ад году прыгажэў і родны населены пункт.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара