САЛОДКІЯ ІДЭІ Ў РЭАЛЬНАСЦІ

Калейдоскоп

IMG_7253 20 ліпеня адзначалася цікавае і пакуль яшчэ маладое свята — Міжнародны дзень торта, прысвечаны сяброўству і міру паміж людзьмі, краінамі і народамі. Ля яго вытокаў стаяў “Міланскі Клуб” Каралеўства Любові — таварыства сяброў, членамі якога з’яўляюцца музыканты, кулінары і іншыя захопленыя натуры. Менавіта гэты творчы саюз у 2009 годзе пачаў традыцыю стварэння сумесных музычных вечароў з тартамі, якая затым была падтрымана і іншымі краінамі.

Сапраўды, ні адна ўрачыстасць не абыходзіцца без торта. Ён дазваляе закончыць мерапрыемства з годнасцю, таму дэсерт павінен быць бясспрэчна прыгожым і смачным.

Менавіта над такімі салодкімі шэдэўрамі і шчыруюць кандытары браслаўскага хлебазавода. Калі заходзіш у кандытарскі цэх, цябе адразу ахутвае духмянасць саладосцей. Пахі шакаладнага бісквіту і глазуры, далікатнага крэму, мёду, згушчанага малака змешваюцца ў паветры, прымушаючы міжвольна аблізнуцца. У чане паветранымі хвалямі ўкладзены ўзбітыя вяршкі, якія нагадваюць белыя пышныя воблакі.

Усяго на прадпрыемстве, як паведаміла старшы майстар вытворчага ўчастка Святлана Паўловіч, выпускаюць больш за 10 відаў найменняў тортаў — бісквітных і мядовых. Калектыў гатуе прадукцыю як па традыцыйнай рэцэптуры, так і па ўласнай. Так, у 2015 годзе торт “ Ноч Усходу” рэцэптуры браслаўскіх кандытараў на міжнародным конкурсе “Ласунак — 2015” атрымаў залаты медаль.

IMG_7250Майстрам дастаткова ўсяго некалькі хвілін, каб пакрыць шматлікія слаі ўзбітымі вяршкамі і пачаць іх афармляць. Феісалодкай краіны могуць вырабіць торт па любым эскізе. Яны імкнуцца ўлічваць запатрабаванні і густ пакупнікоў, прадумваюць склад і ўпрыгожваюць дэсерт у адпаведнасці з надыходзячым святам. Намаляваць і вылепіць могуць усё: фігуркі людзей і жывёл, віншаванні, лагатып кампаніі.

Для невялікага, але згуртаванага калектыву ў складзе кандытараў Марыны Угрыноўскай, Аліны Ванага, Марыны Крумінай і Валянціны Трашчынскай работа прыносіць задавальненне. Ды і як інакш, бо да такой справы можна падыходзіць толькі з добрым настроем. Спрытна і акуратна жанчыны разліваюць цеста па формах, пасыпаюць шапкі тартоў арэхамі, упрыгожваюць крэмам. Словам , ствараюць салодкія шэдэўры, якія потым паступаюць на прылаўкі магазінаў нашага і суседніх раёнаў, а таксама карыстаюцца попытам у Віцебску і Мінску.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.