Вясёлае лета ў лагеры

Калейдоскоп

262915Кожная пара года прывабная па-свойму. Мы любім зіму за шумныя навагоднія святкаванні, вясёлыя гульні ў снежкі і марознае пахрумстванне снегу. Вясновы час радуе нас першымі кветкамі ды цёплым сонейкам. Шчодрая восень адорвае багатым ураджаем садавіны і гародніны. Але, бясспрэчна, кожны з нас думае пра летнія цёплыя дзянькі — пару адпачынку ў дарослых і дзяцей.

Безумоўна, вучням Відзаўскай сярэдняй школы вельмі пашанцавала. У іх ёсць магчымасць адпачыць у родных мясцінах так, як не змогуць іх равеснікі ў горадзе. Для школьнікаў арганізаваны працоўныя і забаўляльныя лагеры. У летні час вучням розных узростаў іх прапаноўваецца тры: прышкольна-аздараўленчы эколага-біялагічнага накірунку, які могуць наведваць дзеці малодшага школьнага ўзросту (6–10 гадоў), прышкольны палатачны кругласутачнага знаходжання для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту (11–13 га- доў), а таксама працы і адпачынку для старэйшых класаў (14–16 га- доў). Усе лагеры ў першую чаргу накіраваны на ўмацаванне фізічнага здароўя дзяцей, але кожны з іх адрозніваецца сваёй сістэмай выхаваўчых мерапрыемстваў.

Наведваючы ў чэрвені лагер эколага-біялагічнага накірунку, дзеці атрымалі магчымасць азнаёміцца з выставачнымі экспанатамі музея традыцыйнай культуры, бліжэй пазнаёміліся з дзейнасцю бібліятэкі і Дома культуры г. п. Відзы. Акрамя гэтага, наведвальнікаў чакалі гульні на свежым паветры, прагляды цікавых фільмаў, экалагічныя гульні.

Прышкольны палатачны лагер кругласутачнага знаходжання мае цікавую гісторыю стварэння: на самай справе напачатку гэта было аб’яднанне па інтарэсах, якое з часам стала самастойным летнікам. Вось і сёлета кожны з вучняў зможа абудзіць у сабе талент мастака падчас конкурса малюнкаў ‘‘Зрабі лета ярчэйшым’’. Але самым цікавым вучні лічаць паездкі на пагранічную заставу, дзе абаронцы межаў частуюць відзаўскіх школьнікаў салдацкай кашай ды за кубкам чаю расказваюць пра цяжкасці і прыемнасці пагранічнай службы. Цеснае супрацоўніцтва школы і пагранічнікаў прыносіць свае плады. Так, Відзаўская школа можа ганарыцца тым, што ўжо другі год каманда школьнікаў ‘‘Юныя сябры пагранічнікаў’’ перамагае на адпаведным злёце.

Трэці і, безумоўна, самы карысны для школы лагер — працы і адпачынку — таксама прапаноўвае шэраг мерапрыемстваў. Весела, з песнямі і жартамі, вучні старэйшых класаў працуюць каля школы дзеля таго, каб увосень вока маглі цешыць прыгожыя клумбы з буйнымі россыпамі кветак ды магчыма было паласавацца вырашчанай сваімі рукамі гароднінай. Заслугоўвае ўвагі аперацыя ‘‘Абеліск’’, падчас якой наведвальнікі лагера займаюцца добраўпарадкаваннем ваеннага пахавання. Даведацца пра цікавыя факты з гісторыі роднага краю школьнікі маглі на экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчы музей і традыцыйнай культуры.

Узровень арганізацыі школьных лагераў задавальняе і бацькоў, і дзяцей. Пасля такога летняга адпачынку школьнікі вяртаюцца ва ўстанову адукацыі загарэлымі, радаснымі і з новымі сіламі засвойваюць школьныя веды.

■ Ірына ЛІМАНОЎСКАЯ, студэнтка 4 курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.