Алена Радзэвіч — НАСТАЎНІК З АКТЫЎНАЙ ЖЫЦЦЁВАЙ ПАЗІЦЫЯЙ

Калейдоскоп Люди

IMG_0185Часам чалавек мяняе шмат спраў, шукае прафесію, у якой бы ён не расчараваўся пазней. Аднак бывае і наадварот, калі яна сама яго знаходзіць. Так здарылася і ў жыцці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дрысвяцкай школы Алены Радзэвіч.

З дзяцінства яна марыла стаць педагогам. А ўсё таму, што перад вачамі быў прыклад першай настаўніцы, ветлівай і добрай жанчыны. Да яе хацела быць падобнай Алена і сваёй мары не здрадзіла. Пасля школы скончыла спачатку Полацкае педвучылішча, а потым завочна ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Сваю прафесійную дзейнасць малады педагог пачынала ў Дрысвяцкай школе. Тады і не думала, што можа застацца тут назаўсёды, але з цягам часу зразумела, што знаходзіцца на сваім месцы, упэўнілася і ў тым, што педагогіка — сапраўды яе прызванне і справа жыцця.

І вось ужо 23 гады жанчына выкладае родную мову і літаратуру. Калегі паважаюць яе за мудрасць, цярплівасць і адзначаюць, што калі Алена Уладзіславаўна бярэцца за справу, то выконвае яе з поўнай адданасцю. Вучні любяць свайго педагога за цікавыя і непадобныя адзін на другі ўрокі, за яе ветлівасць, заўсёды добры настрой і ўсмешку.

Да таго ж А. Радзэвіч паспяхова рэалізуе сябе як педагог-арганізатар, кіраўнік школьных пярвічак БРСМ і БРПА. А паколькі займае такую пасаду, то з’яўляецца ініцыятарам розных цікавых і крэатыўных мерапрыемстваў. Рыхтуе школьнікаў і да ўдзелу ў раённых конкурсах, акцыях. Адтуль яе вучні не раз вярталіся з прызавымі месцамі. Сярод выхаванцаў педагога шмат пераможцаў творчых конкурсаў. Сакрэт поспеху, па прызнанні А. Радзэвіч, просты: “талент можна знайсці ў кожным дзіцяці”. Калі пазнаёміцца з жанчынай бліжэй, можна даведацца, што яна не толькі паспяховы педагог, але і чалавек, які не сядзіць без справы і мае мноства талентаў.

Сярод самых любімых яе захапленняў — напісанне вершаў, якое перадалося ад маці. З дзяцінства Алена адчувала імкненне ўбачанае і перажытае перадаць у вершаваных радках. Спачатку гэта былі дзіцячыя невялічкія чатырохрадкоўі, потым ужо больш дарослыя творы. На вершы педагога натхняе работа, зносіны з дзецьмі, якія сваёй непасрэднасцю падказваюць новыя ідэі і эмоцыі. Менавіта таму асноўная тэма яе вершаў — асабістыя перажыванні, каханне, прырода роднага краю. Сярод любімых аўтараў педагога — А. Пушкін і М. Багдановіч. Менавіта на іх творчасці яна вучылася.

З 2008 года Алена Уладзіславаўна з’яўляецца членам аб’яднання “Ветразь надзеі”. Яе вершы не раз выходзілі ў выданнях аб’яднання, друкаваліся на старонках нашай газеты, ёсць у аўтара і ўласныя зборнікі. Разам з іншымі паэтамі яна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, што ладзіць аб’яднанне, выступае ва ўстановах адукацыі, бібліятэках.

Па яе ініцыятыве ў школе больш за 10 гадоў таму назад створаны клуб “Спроба пяра”, дзе дзеці займаюцца творчасцю, спрабуюць свае сілы ў напісанні вершаў. Як вынік — кожны год лепшыя творы трапляюць у школьныя зборнікі. Акрамя таго, што Алена Уладзіславаўна выдатны педагог, арганізатар пазакласнага жыцця школы, паэтэса, яна яшчэ цудоўна малюе, спявае ў вакальным калектыве “Вярба”, удзельнічае ў пастаноўках тэатра пры мясцовым Доме культуры. У вольны час любіць наведаць спартыўныя секцыі ці займаецца бегам. Сярод апошніх захапленняў А. Радзэвіч фатаграфія і стварэнне відэапрэзентацый. Пры гэтым жанчына зазначае, што ёй цікава ўсё, па максімуму імкнецца зведаць і вывучыць новае, любіць быць актыўнай.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.