Камбайны — на лінейку гатоўнасці

Деньги
IMG_3543
Камбайнер ААТ «Бярозавы край» Іосіф Абалевіч за рамонтам збожжаўборачнага агрэгата.

Здаецца, зусім нядаўна перад механізатарамі сельгаспрадпрыемстваў раёна ставілася задача падрыхтаваць тэхніку да корманарыхтоўчага сезона, як прыйшла пара выводзіць на палеткі збожжаўборачныя камбайны. Паколькі надвор’е апошняга тыдня не дае магчымасці закончыць касьбу траў першага ўкосу, там, дзе работы на сенажацях не завяршыліся, механізатары ў дажджлівыя дні пераключаюцца на падрыхтоўку замацаваных за імі агрэгатаў.

Па даных упраўлення сельскай гаспадаркі, на сёлетняй уборцы ўраджаю плануецца задзейнічаць 83 камбайны. На сярэдзіну гэтага тыдня да работы гатовымі былі толькі 15. Агрэгаты павінны выйсці на палеткі насеннікаў злакавых траў, якія паспелі і чакаюць сухога надвор’я.

Звычайна самыя новыя камбайны першымі рыхтуюцца і выпраўляюцца на ўборку азімага рапсу. У гэтым жа годзе, як гаварылі мне вопытныя аграномы, пачатак жніва збожжавых культур можа пачацца раней за жніво алейных. Таму ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама карэкціруе са спецыялістамі і кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў рабочыя планы ўборачнай кампаніі.

Зразумела, ніхто не адмяняў і працэдуры допуску тэхнікі да работы. У дзень выезду на жніво камбайн пасля першых зжатых 10–20 м збожжавых павінен заехаць на разасланы брызент ці поліэтыленавую плёнку, уключыць малацільны агрэгат, пасля чаго аграном з інжынерам вызначаць, наколькі герметычныя яго вузлы. Калі праверка агрэгата будзе адпавядаць дзеючым патрабаванням, на яго выдаецца допуск.

■ Тэкст і фота Аляксандра АЗЕВІЧА.