Для адпачываючых на ўездзе ў агр. Опса адкрылі інфармацыйны пункт

Главное Калейдоскоп

IMG_1630Кожнае лета на Браслаўшчыну імкнуцца тысячы турыстаў з розных куткоў краіны і замежжа. Раней не зусім зручна для іх было шукаць у незнаёмым горадзе месца для адпачынку ці будынак НП “Браслаўскія азёры”, каб аформіць пуцёўку. Праблему вырашылі ў мінулым турыстычным сезоне. Для тых аматараў адпачынку ў нашым раёне, якія прыязджаюць з боку г. Мядзела, на ўездзе ў агр. Опса адчынілі інфармацыйны пункт.

Працуе ён толькі другі сезон, аднак, па словах начальніка турыстычнага аддзела НП “Браслаўскія азёры” Юліі Паўлоўскай, карыстаецца вялікай папулярнасцю. У мінулым годзе турысты нават тэлефанавалі і пісалі пісьмы з падзякамі, адзначалі, што такі цэнтр вельмі зручны для іх. Гэта пацвердзілі і госці з Мінска, з якімі ўдалося паразмаўляць падчас наведвання цэнтра.

У гэтым годзе яго значна ўдасканалілі: аснасцілі новымі ўказальнымі таблічкамі, і цяпер будынак бачна здалёку. Акрамя атрымання інфармацыйных паслуг, тут можна набыць сувеніры з браслаўскім каларытам: кубкі, майкі, кепкі, магніты і іншае. Да таго ж ён працуе ў выхадныя і будні ў вельмі зручны час.

Пра тое, што цэнтр сапраўды запатрабаваны, сведчаць і лічбы. Так, за чэрвень тут рэалізавалі 222 пуцёўкі, сувеніраў на суму больш за 1 млн рублёў. Як адзначылі ў цэнтры, людзі едуць з усіх абласцей краіны, асабліва шмат мінчан, ёсць госці з Расіі.

Агенты па турызме Тэрэза Пранько і Наталля Януль, якія тут працуюць, заўсёды падкажуць турыстам патрэбную інфармацыю і сарыентуюць у паслугах, што аказвае нацыянальны парк. Так, тут можна даведацца пра агульныя і заказныя турыстычныя стаянкі, дзе і як іх можна забраніраваць, выбраць базу адпачынку і падлічыць, колькі будзе каштаваць адпачыць і харчавацца на ёй, сарыентуюць агенты і ў дадатковых паслугах нацпарка, а аматарам рыбнай лоўлі раскажуць пра платныя і бясплатныя азёры, нормы лоўлі на іх і іншае.

Часта людзі, якія прыязджаюць у наш раён упершыню, проста пытаюць дарогу да базы адпачынку, турыстычнай стаянкі ці ўдакладняюць некаторыя пытанні. І ветлівыя агенты абавязкова дапамагаюць кожнаму турысту.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.