У дзіцячым садку № 2 г. Браслава мы высвятлялі, якім гульням аддаюць перавагу дашкольнікі сёння

В свободное время Калейдоскоп

IMG_6981Не сакрэт, што гульні сучасных дзяцей прынцыпова адрозніваюцца ад забаў іх бацькоў, тым больш бубуль і дзядуляў. Апошнія свой вольны час у большасці бавілі на вуліцы і гулялі ў “казакоў-разбойнікаў”, “дочкі-маці”, “хованкі”. Каб даведацца, якім гульням аддаюць перавагу дашкольнікі сёння, карэспандэнт газеты Алена Пятушка выправілася ў дзіцячы сад № 2 г. Браслава.

— Гульня — асноўны від дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту, — адзначае загадчык установы Марына Савіцкая. — Дзякуючы сюжэтна-ролевым гульням развіваюцца слоўнікавы запас і лагічнае мысленне дзіцяці, паляпшаюцца адносіны паміж равеснікамі.

IMG_6975Разам з Марынай Анатольеўнай выпраўляемся на экскурсію па групах. Лялькі, машынкі, разнастайныя канструктары, цацачная мэбля і посуд, імправізаваныя зоны магазінаў, парыкмахерскіх, бальніц і кватэр — групы абсталяваны ўсім неабходным у адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі дзяцей. У першай малодшай некалькі хлопцаў размясціліся на зручным мяккім вугалку і вядуць ажыўленую гутарку, іншыя за столікамі складваюць канструктар, што дае магчымасць развіваць дробную маторыку пальцаў. А яшчэ, адзначыла М. Савіцкая, малыя з вялікім задавальненнем пераапранаюцца ў розныя касцюмы, якія ствараюцца клапатлівымі рукамі выхавацельніцы. Да таго ўборы не схаваны пад замок у шафе, і кожны малы пры жаданні можа лёгка змяніць свой воблік.

IMG_6955У сярэдніх і старэйшых групах гульні становяцца больш жыццёвымі. Тут і супермаркет з багатым асартыментам тавараў, касавым апаратам і калькулятарам. Побач сваіх кліентаў гасцінна запрашае салон прыгажосці, даведацца пра стан свайго здароўя можна ў медыцынскім цэнтры. А пасля “рабочага” дня так прыемна адпачыць на ўтульнай, па-сучаснаму абсталяванай кухні.

Нямала намаганняў прыкладаюць супрацоўнікі дашкольнай установы, каб стварыць для сваіх выхаванцаў астраўкі дарослага жыцця ў мініяцюры. А падтрымка актыўных, неабыякавых бацькоў, такіх як Валянцін Сайкоўскі, Надзея Дзявятка, Мікалай Коваль, Аляксандр Шакель, Таццяна Сакалова і сям’я Бабінскіх, дапамагае ім рэалізаваць яшчэ больш разнастайных цікавых задум.

IMG_6995Калі паназіраць за паводзінамі дзяцей падчас гульняў, кажа М. Савіцкая, можна з лёгкасцю вызначыць, чым жыве сям’я, якія ўзаемаадносіны паміж дамачадцамі. Пасля выхадных сюжэты гульняў дашкольнікаў папаўняюцца. Адразу бачна, хто дзе быў у суботу-нядзелю і што рабіў.

Так, дзеці, як губка, упітваюць у сябе ўсё тое, што бачаць у сям’і, і несвядома пераймаюць паводзіны сваіх бацькоў.

Шмат увагі ў садку педагогі надаюць вывучэнню правілаў дарожнага руху. Заняткі праходзяць на спецыяльнай пляцоўцы, якая мае дарожную разметку і абсталявана знакамі. Наведваюцца да малых і супрацоўнікі ДАІ.

Безумоўна, летам дзеці больш часу праводзяць на свежым паветры. Гульнявыя пляцоўкі прывабліваюць рознакаляровымі домікамі, горкамі, арэлямі, караблікамі. Як калісьці іх бацькі, сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем лепяць у пясочніцы кулічыкі і пернікі.

Выхавальнікі ўважліва сочаць за тым, каб рухавыя гульні чаргаваліся з больш спакойнымі, каб дзеці не перагрэліся на сонцы.

Адным словам, нямала гульняў, у якія забаўлялася старэйшае пакаленне, перайшло ў спадчыну сучасным дзецям. Хоць, безумоўна, атрыбуты надта змяніліся і ўдасканаліліся.

■ Фота аўтара.