Спадарожнікавы кантроль дапамагае зберагчы грошы гаспадарцы

Главное Экономика и финансы

thumb_1Даўно мінулі тыя часы, калі нафтапрадукты каштавалі капейкі, а на заправачных станцыях сельгаспрадпрыемстваў не хапала ёмістасцей, каб прыняць дызпаліва. Пры цяперашніх цэнах, абмежаваных пастаўках яго з дзяржрэсурсаў, адсутнасці ў гаспадарках фінансавых сродкаў эканомія і беражлівасць ГЗМ — адна з важнейшых умоў для атрымання рэнтабельнай прадукцыі.

Не сакрэт, што нярэдка за перарасходам паліва крыецца банальны яго крадзеж. З ім нават змагаюцца на дзяржаўным узроўні: бензін і салярка, якія паступаюць з дзяржрэсурсаў, фарбуюцца сінім і зялёным колерамі. На месцах у сельгаспрадпрыемствах пачалі прымаць свае захады: пламбіраваць заправачныя гарлавіны бакаў, зафарбоўваць штуцары паліўных помпаў. Прымаюцца іншыя меры, якія, безумоўна, скарацілі колькасць выпадкаў крадзяжоў, толькі поўнасцю іх не ліквідавалі.

Два гады назад у СВК «Маяк Браслаўскі» ўкаранілі сістэму спадарожнікавага кантролю за расходамі паліва (ССКРП), якая паспяхова зарэкамендавала сябе ў буйных аўтатранспартных прадпрыемствах. Яна даволі простая ў эксплуатацыі і ў той жа час эфектыўная. У сябе ўключае трэкер з антэнай і датчыкі паліва. Каштавала ў час устаноўкі 6 мільёнаў на кожную рухомую адзінку тэхнікі плюс 80 тысяч абаненцкая плата.

Працуе так: трэкер перадае на спадарожнік у рэжыме рэальнага часу каардынаты знаходжання механізма, колькасць паліва ў баках, яго расход, маршрут руху. Са спадарожніка сігнал прымае серверная кампанія і выдае інфармацыю на камп’ютар абанента.

У час размовы з галоўным інжынерам гаспадаркі Іванам Шпаком я папрасіў яго прадэманстраваць, як працуе сістэма. Назваў прозвішча механізатара. Іван Канстанцінавіч сеў за камп’ютар і тут жа выдаў: ‘‘Выехаў з гаража ў 7.30 з запасамі ў баках 42 і 56 літраў, у «Бярозавым краі» дазаправіў 50 літраў, пераехаў на поле і 28 мінут стаіць на месцы, паліва не расходуецца, значыць, рухавік заглушаны’’.

Пры такой сістэме кантролю ад вока спадарожніка нельга схавацца. Аграном, напрыклад, можа прама з дыспетчарскай даведацца, на колькіх гектарах механізатар выканаў даручаную яму работу.

Цяпер кожны з вадзіцеляў добра ведае, што ўвесь рабочы час знаходзіцца пад каўпаком, таму толькі ў пачатку запуску спадарожнікавага кантролю было дзве спробы крадзяжу дызпаліва, якія адразу ж былі выкрыты. Больш такога не здараецца.

  • Да ўвядзення сістэмы СКРП за 2013 год гаспадарка зрасходавала 930 тон дызпаліва, ці па 123 кг на гектар сельгасугоддзяў. На наступны год, калі сістэма запрацавала, агульны расход паліва знізіўся на 134 т і на 17 кг на гектар (796 і 106 кг). У 2015 годзе «Маяк Браслаўскі» пачаў апрацоўваць і землі далёкаўскай зоны. Таму агульны расход паліва ў параўнанні з папярэднім годам вырас да 880 т, а вось расход на гектар склаў усяго 86 кг.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ