І не ў цеснаце, і не ў крыўдзе

Калейдоскоп Люди

IMG_5619Далёка не ўсім састарэлым напрыканцы жыцця шанцуе адчуць клопат родных і блізкіх, мець добры догляд і ўтульнае цёплае жыллё. Наталлі Кавалёвай, Ганне Сліж і Рэгіне Далецкай лёс падарыў такую магчымасць.

Ужо больш за 10 гадоў таму назад Наталля Фёдараўна пасялілася ў доме сваёй дачкі Надзеі Сліж, а Ганна Міхайлаўна трэцюю зіму запар перабіраецца з Гродзенскай вобласці да нявесткі ў Слабодку.

Калі ж даглядаць састарэлых бацькоў — святы абавязак дзяцей, то прывесці ў хату чужога чалавека, згадзіцеся, не так і проста. Тым не менш Надзея запрасіла да сябе яшчэ і старадаўнюю сяброўку сваёй маці Рэгіну Далецкую, якая адзінока жыла ў суседняй вёсцы.

Тром жанчынам у хаце прыветлівай сям’і Сліж выдзелены два пакоі. Тут ёсць усё неабходнае для іх жыцця і адпачынку: тэлевізар, мяккія ложкі, стол, крэсла, вялікая канапа. Адным словам, абстаноўка ўтульная і камфортная. Адчуваецца, што гаспадары не паскупіліся для сваіх бабуль.

— Хоць на старасці гадоў пажыву па-людску, — кажа Р. Далецкая. — Рабіць нічога не трэба, накормяць, дагледзяць, яшчэ і адносяцца да цябе з павагай.

Лёс гэтую жанчыну не надта пеставаў: усё жыццё працавала ў калгасе, сямейнага шчасця Бог адчуць не даў, а з гадамі і хваробы абвастрыліся.

Зімой у вёсцы добра сядзець каля нацепленай печкі і піць гарбату з блінамі. А для адзінокіх старых, у якіх за плячыма сёмы-восьмы дзясятак, халодныя месяцы ператвараюцца ў сапраўднае выпрабаванне.

Яшчэ перад зімовымі халадамі Наталля Фёдароўна пачала перажываць пра сваю сяброўку, перадалася гэта трывога і Надзеі. Кропку ў жаночых размовах паставіў гаспадар Мікалай, які прапанаваў забраць бабулю да сябе.

Безумоўна, жыць пад адным дахам людзям з рознымі поглядамі і характарамі няпроста, але ім дапамагаюць спагадлівасць, узаемапаразуменне і гумар. Да таго ж усе тры бабулі рознага веравызнання: стараверка, праваслаўная і каталічка. Калі ў адной пост заканчваецца, то ў іншых ён яшчэ працягваецца. Таму гэтую вельмі важную акалічнасць Надзеі трэба ўлічваць пры гатаванні страў. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе павышаны цукар у крыві ў маці. Кожны дзень памерыць ціск, пры неабходнасці зробіць уколы. І без трывалай падтрымкі, паразумення мужа Мікалая і сына Ігара ёй не ўправіцца.

— Яны мае надзейныя памочнікі, — заўважае Н. Сліж, — не хвалююся, калі спатрэбіцца адлучыцца з дому. Ведаю, што не будуць пакінуты сам-насам.

Дзевяцікласнік Ігар заўсёды пасля школы зойдзе праведаць сваіх бабуль, абавязкова пацікавіцца здароўем, прапануе паесці.

Часта можна пачуць пытанне, як выхаваць дзяцей, каб у старасці яны паднеслі хоць бы шклянку вады. Думаю, адказ відавочны: самому стаць красамоўным прыкладам і памятаць, што як мы ставімся да сваіх бацькоў, так і нашы дзеці будуць адносіцца да нас.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара