Пачалося вылучэнне кандыдатаў

Главное

ВЫБОРЫПрацэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачаўся 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна. Вылучэнне кандыдатаў магчыма ад палітычных партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

“Пры гэтым міжнародныя арганізацыі праяўляюць вялікую цікавасць да выбарчай кампаніі ў парламент Беларусі, — заявіў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. — Наш крок у адказ — паказаць, што выбары і іншыя палітычныя працэсы ў нас праходзяць ліберальна, дэмакратычна, адкрыта і галосна”.

Яшчэ адной асаблівасцю выбарнай кампаніі з’яўляюцца працэдурныя новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу. Так, у заканадаўства ўнесены змяненні, якія тычацца арганізацыі выбараў, іх фінансавання, інфармавання выбаршчыкаў.

Мікалай Лазавік таксама звярнуў увагу на тое, што гэтыя парламенцкія выбары пройдуць не толькі ва ўмовах змененага выбарчага заканадаўства, але і з арыентацыяй на рэалізацыю рэкамендацый міжнародных арганізацый і ў першую чаргу АБСЕ.

Між тым па стане на канец мінулага тыдня акрэдытацыю наглядальніка за парламенцкімі выбарамі ўжо атрымалі 32 прадстаўнікі структур СНД. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адзначыла, што міжнародныя наглядальнікі ад СНД будуць працаваць у складзе адной місіі. Пры гэтым яны прадстаўляюць тры розныя арганізацыі: Выканаўчы камітэт СНД, Парламенцкую асамблею СНД і Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі.

Палітычная ж барацьба на парламенцкіх выбарах па меркаванні Л. Ярмошынай, будзе даволі вострай. Адзначаецца актыўны ўдзел партый, асабліва тых, якія адносяць сябе да апазіцыйнага лагера, у вылучэнні кандыдатаў шляхам збору подпісаў.

Тым часам ужо зарэгістравана 304 ініцыятыўныя групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання, гаворыцца на сайце ЦВК.

Усяго ў акруговыя камісіі было пададзена 479 заяў аб рэгістрацыі такіх груп. Прыём заявак завяршыўся 7 ліпеня. Больш за ўсё заявак паступіла ў Мінску —139 (77 зарэгістравана), а менш за ўсё ў Віцебскай вобласці — 48 (37 зарэгістраваны). Сярод вылучэнцаў, групы якіх зарэгістраваны, 201 беспартыйны і 103 члены палітычных партый. Больш за ўсё такім чынам вылучаецца прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (24 чалавекі). Далей ідуць: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» — 16, Партыя БНФ — 16, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 12, Камуністычная партыя Беларусі — 11, Ліберальна-дэмакратычная партыя — 10, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 7, Беларуская партыя «Зялёныя» — 3, Беларуская патрыятычная партыя — 3, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» — 1.