МІНУЛАЕ І СУЧАСНАЕ Ў ЗАБУДОВЕ БРАСЛАВА

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
IMG_7085
На месцы магазіна, за якім трывала замацавалася ў паўсядзённым ўжыванні назва “маякоўскі”, у 20-я гады мінулага стагоддзя быў узведзены свіран для гаспадарчых патрэб у закапанскім стылі драўлянай архітэктуры. У канцы 80-х гадоў будынак быў адноўлены без парушэння стылю.

На 15-й навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў, якая праходзіла ў маі, старшакласнікі СШ № 1 Аляксей Дзіковіч і Яўген Цыўнель прэзентавалі сваю даследчую работу “Горадабудаўніцтва Браслава з 1920 г. да нашых дзён” (кіраўнік Людміла Стальмачонак) і атрымалі высокую ацэнку журы: у намінацыі па краязнаўстве заваявалі першае месца.

Трэба сказаць, што, вывучаючы гісторыю і практыку забудовы нашага горада, аўтары шмат папрацавалі з навуковай літаратурай, з асабістымі архівамі фатаграфій мясцовых жыхароў Ганны Шульгоўскай, Леаніда Бандарыка, Вікторыі Цярэнцьевай, а таксама краязнаўчага музея.

Так, напэўна, далёка не ўсе маладыя людзі цяпер ведаюць, што ў 1924 — 1926 гг. вядомы архітэктар Юліуш Клос, прафесар Віленскага ўніверсітэта, побач з цэнтральнай плошчай Браслава ўзводзіў цэлы комплекс жылых і адміністрацыйных пабудоў для дзяржаўных служачых, многія з якіх захаваліся да сённяшняга часу.

З цікавасцю, напрыклад, разглядаеш старыя і сучасныя фотаздымкі і ўзгадваеш, што ў будынку раённай бібліятэкі амаль 100 гадоў таму назад размяшчаўся “спартыўны дом” з глядзельнай залай, а ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання жыў стараста.

У 1929 г. па праекце віленскага інжынера Гірона было завершана будаўніцтва павятовага староства, якое з-за атынкаваных сцен атрымала назву “белы дом”. Тут ва ўсе часы знаходзіліся органы рэгіянальнага кіравання.

Амаль без значных знешніх змяненняў да сённяшняга часу захаваліся і будынкі пошты, чыгуначнага вакзала, прыватнай тыпаграфіі “Magata”, а побач — дом натарыуса Рамануса.

Не менш цікава паназіраць па фотаздымках, як змянялася аблічча райцэнтра ў савецкі перыяд, прасачыць храналогію ўзвядзення прамысловых прадпрыемстваў і аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння.

Увогуле ж юныя краязнаўцы абагулілі звесткі развіцця архітэктуры горада з 1920-х гадоў да нашых дзён, дапоўнілі іх архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі, зазірнулі і ў новы горадабудаўнічы праект, разлічаны да 2030 года. Пры гэтым паспрабавалі прааналізаваць, як на характар забудовы ўплывалі пэўныя гістарычныя перыяды, ландшафт і рэльеф мясцовасці. У прыватнасці, даволі пераканаўча паказалі, што ў гісторыі забудовы горада не існавала агульнага адзінага стылю, бо размяшчэнне яго на вузкай палосцы паміж азёрамі не дазваляла ўзводзіць комплексы і мікрараёны ў пэўным стылі.

Матэрыялы даследчай работы краязнаўцаў будуць карыснымі не толькі на ўроках гісторыі і пазакласных мерапрыемствах. Яны здольныя зацікавіць усіх, хто любіць сваю малую радзіму і хоча больш ведаць пра яе мінулае, у тым ліку і як раней выглядаў наш горад. Азнаёміцца з работай юных даследчыкаў можна ў школьнай бібліятэцы.

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара