Аб’яднала “Браслаўская вясёлка”

Акции, конкурсы, выступления В свободное время Калейдоскоп

Ft_7-LJUnwE Для ўсіх наведвальнікаў мастацкага гуртка “Каларыт” пры ЦДіМ лета — доўг чаканая пара. Па-першае, таму што ўсё побач буяе колерам, ды так, што падштурхоўвае ўзяць фарбы, альбом і намаляваць навакольную прыгажосць. Па-другое, пасля гадавых заняткаў ва аўдыторыях нарэшце ў юных мастакоў пачынаецца цікавы перыяд летняй практыкі, калі яны адпраўляюцца на прыроду.

Пленэр — лепшая школа для кожнага мастака, тым больш для маладога. Да гэтай высновы яшчэ ў 2000 годзе прыйшлі педагогі ЦДіМ Міхаіл і Галіна Ставіцкія і сталі кожны год ладзіць пленэр “Браслаўская вясёлка”. Сёлета ён ужо 16-ы раз сабраў аматараў малявання.

На працягу 9 дзён юныя таленты і іх педагогі жылі на базе былой Чэрнеўскай школы. Далёка ад горада і інтэрнэту, у цішыні і асяроддзі прыгожых мясцін 15 таленавітых і творчых школьнікаў рэалізоўвалі свае мастацкія задумы, адпачывалі, адточвалі навыкі, атрыманыя за год. Да таго ж яны паспелі павандраваць, напрыклад, наведалі адны з самых прыгожых куткоў Браслаўшчыны — Слабодкаўскую озавую граду, возера Абаб’е, наваколле в. Чэрнева. Пад уражаннем дзеці тут жа бралі аловак ці пэндзаль і пераносілі ўбачанае на паперу.

Міхаіл і Галіна Ставіцкія кожны год прыдумваюць нешта незвычайнае для ўдзельнікаў пленэру. Вось і на гэты раз школьнікаў чакалі цікавыя практыкаванні, напрыклад, атрымаць 50 адценняў зялёнага, вучыліся яны маляваць карціны звычайным вугалем з вогнішча, стваралі кампазіцыі з прыродных матэрыялаў, на Купалле займаліся бодзі-артам, а яшчэ правялі дзень першабытнай культуры.

oBi9366N1A0У адзін з дзён да нашых школьнікаў у госці завіталі юныя мастакі з пастаўскай дзіцячай мастацкай школы. У мінулым годзе браслаўчане ўдзельнічалі ў іх пленэры, і цяпер суседзі прыехалі з візітам у адказ. Разам школьнікі ладзілі мерапрыемствы, дзяліліся творчымі ідэямі, цікава бавілі час. Госці з Пастаў бліжэй пазнаёміліся з браслаўскімі краявідамі. Вынікам сустрэчы стаў праект “Изолента”. На рулоне шпалеры пастаўскія і браслаўскія мастакі перадавалі свае ўражанні ад прыроды Браслаўшчыны. Кожны маляваў сваё, а ў выніку атрымалася адна карціна даўжынёй амаль 10 метраў з аўтографамі ўсіх удзельнікаў. Дарэчы, убачыць яе, як і ўсе работы юных мастакоў, зробленыя падчас пленэру, можна было на мерапрыемстве “Бульвар мастацтваў”.

Школьнікі з суседніх раёнаў за гэтыя дні не толькі пасябравалі, падзяліліся думкамі, уражаннямі, але і выказалі прапанову ў наступным годзе арганізаваць сумесны лагер на мяжы двух раёнаў. А таксама суседзі запрасілі браслаўчан восенню завітаць на іх пленэр.

Увогуле ж ад дзяцей давялося пачуць толькі прыемныя водгукі. Як зазначыла Галіна Ставіцкая, кожны тут падсілкоўваецца творчай энергіяй другога. На пленэрных занятках у юных мастакоў развіваецца здольнасць “суцэльна бачыць”, уменне назіраць і аналізаваць. Дзеці вучацца перадаваць на паперы вялікія прасторы і розныя станы прыроды. Таксама ўдасканальваецца мастацкае майстэрства вучняў. Таму часам нараджаюцца такія ідэі, якія на занятках у кабінеце не з’явіліся б ніколі. Лепшае гэтаму пацвярджэнне — работы, якія юныя мастакі прывезлі з пленэру.

■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота М. СТАВІЦКАГА.