НА ЛОДАЧЦЫ ПА ВОДНАЙ ГЛАДЗІ

Главное Отдых

IMG_6945Сапраўднае лета нарэшце прыйшло на Браслаўшчыну. І людзі адразу пацягнуліся да месц адпачынку ля вады. Прычым многія турысты жадаюць не толькі атрымаць асалоду ад сонечных прамянёў, удосталь накупацца, але і пакатацца па воднай гладзі. Наколькі ж распаўсюджаны і даступны ў нашым горадзе такі від паслуг, як пракат плавальных сродкаў?

На цэнтральным гарадскім пляжы з 10 да 20 гадзін працуе пункт пракату ФСК “Дрывяціч”. Адначасова ён можа прапанаваць 14 адзінак плавальных сродкаў — лодкі пластыкавыя прагулачныя, байдаркі, водныя веласіпеды (катамараны).

На прафсаюзнай турыстычнай базе, акрамя катамаранаў і байдарак, больш шырокі выбар лодак — ад маленькіх двухмесных да вялікіх з дзвюма парамі ўключын, прызначаных больш для працяглых турыстычных паходаў, чым для водных прагулак.

Такія ж паслугі пракату плавальных сродкаў аказвае і нацыянальны парк на сваіх базах адпачынку “Золава”, “Лявошкі” і “Дрывяты”. А яшчэ па папярэдняй заяўцы ў адміністратара базы ці ў аддзеле турызму (тэл. 60-3-91; 62-2-46; 62-4-61) ёсць магчымасць пакатацца на воз. Струста (Гусароўшчына) ці Дрывяты на катары. Кошт такой паслугі за 10 мін. складае 135 тыс. руб. на групу да 5 чалавек, а за 800 тыс. руб. можна арандаваць маторку на гадзіну. Да таго ж у аддзеле турызму паведамілі, што верагодна ўжо гэтым летам на воз. Струста будзе даступнай такая забава, як катанне на “банане” ці “ватрушцы”, водных лыжах.

Працягваючы тэму цэн, трэба сказаць, што найбольш танны пракат лодак (25 тыс. руб. за 1 гадзіну, 110 тыс. за суткі) і катамаранаў (40 тыс. за гадзіну) у нацпарку. Адпраўляючы турыстаў на водную прагулку, на пунктах пракату не забываюць пра іх бяспеку — абавязкова праводзяць інструктаж і кожнаму выдаюць выратавальную камізэльку.

На пляжы воз. Бярэжжа пункта пракату, на жаль, не існуе. А такая паслуга запатрабавана і тут, бо прыезджыя рэгулярна цікавяцца ў матросаў выратавальнага паста, дзе можна паплаваць на лодцы ці байдарцы. Праўда, у дзяжурнага адміністрацыйнага будынка нацыянальнага парка можна за 30 тыс. руб. узяць на паўгадзіны катамаран, але ж гэта зусім на процілеглым ад пляжа беразе.

Увогуле ж пракат плавальных сродкаў запатрабаваны ўсюды. Ні лодкі, ні катамараны, ні байдаркі не стаяць летам мёртвым грузам, а карыстаюцца попытам, асабліва ў ліпені, калі найбольш спрыяльнае надвор’е для адпачынку на ўлонні прыроды. Разнастаіць яго маглі б і браслаўскія прадпрымальнікі, якія раней паспелі набыць камфартабельныя катары. Але ўнесеныя ў заканадаўства змяненні наконт абмежаванасці магутнасці рухавікоў маторак, на жаль, не дазваляюць ім прапанаваць турыстам свае паслугі. ■

  • Лодкі і байдаркі на пракаце “Дрывяціча” каштуюць 40 тыс. руб. у гадзіну і 180 тыс. у суткі, пагадзінны кошт катамаранаў — 50 тыс.
  • Пагадзінны кошт лодак на пракаце турбазы ад 30 да 42 тыс. руб., у суткі ад 180 да 240 тыс., байдарак — 30 тыс. у гадзіну і 180 тыс. у суткі, катамаранаў — 60 тыс. у гадзіну.