МОЛАДЗЬ: ДУМКІ, МЕРКАВАННІ, ПРАБЛЕМЫ

Калейдоскоп Люди Общество

молодежьУ апошнія выхадныя чэрвеня ў краіне адзначаецца Дзень моладзі. Гэта свята лічаць сваім тысячы розных па ўзросце, родзе дзейнасці, месцажыхарстве юнакоў і дзяўчат, у кожнага з якіх свае мары, жаданні, праблемы… Якая ж яна, наша моладзь? Чым жыве, да чаго імкнецца маладое пакаленне і што яго хвалюе? Напярэдадні свята карэспандэнт газеты Таццяна Пятушка папрасіла некаторых маладых браслаўчан адказаць на гэтыя пытанні.

ролик2Максім Ролік, старшы інспектар пагранпаста “Казяны”: — Якая ж наша моладзь? Пытанне спрэчнае, і адназначнага адказу на яго няма. Аднак практычна кожны малады чалавек марыць атрымаць веды, спазнаць навакольны свет і, самае галоўнае, знайсці сваё прызванне ў жыцці. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца быць адукаванымі, фінансава стабільнымі, самарэалізавацца. Мне пашанцавала: у мяне ёсць любімая работа, сям’я, сябры, магу творча рэалізавацца. Між тым турбуюць моладзь і праблемы, такія як беспрацоўе, курэнне, алкагалізм, наркаманія. У многім гэта адбываецца з-за таго, што ў невялічкіх гарадах і вёсках не заўсёды ёсць чым заняцца маладым людзям. Вось і цягне іх у кампаніі аднагодкаў з цыгарэтай ці бутэлькай у руках. Хочацца пажадаць моладзі ніколі не спыняцца на дасягнутым, упэўнена крочыць да вызначанай мэты і пакарыць пры гэтым не адну вяршыню.

мацукАлеся Мацук, выпускніца 9 класа Опсаўскага ДССШ: — Сучасная моладзь, мяркую, актыўная, усебакова развітая, мэтанакіраваная. Гэта бачна і па маіх сябрах. Аднак яна занадта паглыбілася ў віртуальны свет, амаль забыўшыся пра рэальнае жыццё, нармальныя зносіны з сябрамі. Віртуальны свет параджае і другую праблему — страх таго, што мы ў чымсьці не адпавядаем або адстаём ад іншых. Напэўна, прыярытэты залежаць ад таго, як выхавана моладзь, якія каштоўнасці жыцця яна паважае, але маё меркаванне такое, што кожны чалавек павінен стаць самастойным, паспяховым у кар’еры. Вось і мяне пакуль больш за ўсё хвалюе выбар прафесіі. Я на ‘‘выдатна’’ скончыла 9 класаў, спадзяюся, і ў наступныя два гады ў мяне ўсё атрымаецца. Хацела б пажадаць сваім равеснікам быць больш актыўнымі, займацца самаразвіццём, дапамагаць навакольным людзям і быць больш бескарыслівымі.

мачульВольга Мачуль, бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі: — На мой погляд, сучасная моладзь вельмі камунікабельная, мабільная, дапытлівая, дынамічная. Праблем у іх нямала: выбар прафесіі, паступленне, працаўладкаванне (часам даводзіцца працаваць не па спецыяльнасці), летняя занятасць, мала месцаў для адпачынку як падлеткам, так і маладым парам. Што тычыцца імкненняў, зноў жа маё меркаванне, хутчэй за ўсё, на першым месцы знаходзіцца вучоба, праца, пабудова кар’еры. І гэта, вядома, правільна. Калі чалавек ужо сацыяльна стабільны, незалежны ад бацькоў, яму прасцей вызначыцца з жыллём, завесці сям’ю. Усім дзяўчатам і юнакам жадаю прымаць абдуманыя і ўзважаныя рашэнні. Дасягайце неверагодных вышынь ва ўсіх справах, любіце сваіх бацькоў і верце ў лепшае.

павиничЯна Павініч, рэжысёр Відзаўскага дома культуры, лепшая па прафесіі ў намінацыі “Моладзь”: — Мяркуючы па сваіх знаёмых, сябрах, маладых людзях, што ўдзельнічаюць у культурным жыцці ўстановы, дзе я працую, магу сказаць, што сучасная моладзь ініцыятыўная, мэтанакіраваная, рознабакова развітая. Безумоўна, ёсць тыя людзі, якія бавяць вольны час за камп’ютарам ці ў дрэннай кампаніі, аднак больш прыкладаў і маладых асоб, якія імкнуцца чагосьці дасягнуць, рэалізавацца ў прафесіі, зрабіць нешта карыснае для роднага краю. Я з такіх людзей. Хоць і працую толькі два гады, але за гэты час не расчаравалася ў выбранай прафесіі, рада, што трапіла на працу ў ДК, у якім выступала яшчэ маленькай. Цяпер імкнуся зрабіць жыццё відзаўчан насычаным культурнымі мерапрыемствамі, ахвотна выступаю на раённай сцэне, не раз даводзілася прадстаўляць Браслаўшчыну на конкурсах у іншых рэгіёнах. І мне асабліва прыемна, што ў гэтым годзе мяне прызналі лепшай па прафесіі ў намінацыі “Моладзь”. Усім маладым людзям жадаю быць ініцыятыўнымі і актыўнымі, дасягаць пастаўленых мэт і ніколі не здавацца.

шпакАлена Шпак, настаўнік англійскай і французскай моў гімназіі: — Сучасная браслаўская моладзь энергічная, поўная канструктыўных ідэй і смелых рашэнняў. Маё пакаленне хоча быць паспяховым у кар’еры, дасягнуць пэўных вышынь у жыцці. Моладзь адчувае некаторыя цяжкасці на этапе жыццёвага старту, у першую чаргу з працаўладкаваннем, у яе больш востра стаяць жыллёвыя і матэрыяльныя праблемы. Менавіта на маладыя гады прыпадаюць галоўныя падзеі ў жыцці чалавека: атрыманне адукацыі, выбар прафесіі і пачатак працоўнай дзейнасці, шлюб і нараджэнне дзяцей. І на гэтым важным этапе станаўлення асобы неабходна прыняць правільнае рашэнне. Я пасля заканчэння Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта працую ў сферы адукацыі. І хоць мой педагагічны вопыт яшчэ зусім малы, але думаю, што наперадзе ў мяне цікавы прафесійны шлях.

Хочацца пажадаць заставацца заўсёды маладымі, заўзятымі, поўнымі аптымізму і ўпэўненасці ва ўласных сілах. Хай будзе больш яркіх сустрэч, новых ідэй, актыўных дзеянняў, канкрэтна вызначаных мэтаў.

З Днём моладзі!