ПРА ШТО ПІСАЛА “Браслаўская звязда” 10 гадоў таму назад (чэрвень 2006-га)

Калейдоскоп

Б32У ЕЎРОПЕ ТАКОГА НЕ ЎБАЧЫШ

Чарговы раз на Браслаўшчыну завіталі нямецкія турысты. Госці прыязджалі з навукова-пазнавальнай мэтай: арнітолагі, якія вывучаюць асаблівасці распаўсюджвання птушак, параўноўвалі мясцовую фаўну з еўрапейскай. Члены экспедыцыі былі ўражаны браслаўскім краем з яго птушыным багаццем.

ЗАКЛАДЗЕНЫ ПЕРШЫ ПАДМУРАК

У рамках выканання прэзідэнцкай праграмы адраджэння сяла за мінулыя тры гады ў “Друйскім” было пабудавана 12 жылых дамоў. І ніводзін з іх не пустуе. Але жыллёвая праблема ў гаспадарцы яшчэ не вырашана. Таму сёлета запланавана пабудаваць яшчэ 10 дамоў.

МЯСЦОВАЯ ФОБІЯ

Што трывожыць сёння жыхароў в. Опліса, якія думкі перашкаджаюць ім спаць спакойна нават тады, калі ўсе падаткі заплачаны? На першым месцы сярод мясцовых страхаў — дзікі. Кладзецца стомлены пасля пасадкі бульбы вясковец спаць, а раніцою глядзіць: бульба ўжо выкапана. “Адбіцца ад гэтай навалы няма ніякіх законных сродкаў, — гаруюць сяляне. — Хутка яны нас з’ядуць”.

ТРЫ ЗБОРНІКІ ВЕРШАЎ

У творчым жыцці літаратурнага аб’яднання “Ветразь надзеі”, які ўжо не першы год мае ганаровае званне народнага, адбылася неардынарная падзея: з друку выйшлі адразу тры зборнікі вершаў мясцовых паэтаў Дзмітрыя Цыўняля, Віталя Барткевіча і Марыны Кавалёнак.

НОВЫ ПОСПЕХ ДАРОЖНІКАЎ

Браслаўскае ДЭУ-34 абслугоўвае 224 кіламетры дарог рэспубліканскага значэння, яго калектыў заўсёды дастойна выглядае на фоне сваіх калег з РУП “Віцебскаўтадар”. Вось і сёлета за якасна выкананыя аб’ёмы работ па падрыхтоўцы аўтадарог да летняга сезона па выніках агляду-конкурсу браслаўчане прызнаны лепшымі. “БЕЛАГРА — 2006” З 3 па 9 чэрвеня ў Мінску праходзіла 16-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “Белагра — 2006”. Упершыню на буйнейшы форум рэспублікі запрасілі браслаўчан — трусаводаў СВК “Мяжаны”. На экспазіцыю племянной жывёлы яны выставілі 11 парод трусоў.

ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ

У апошняе дзесяцігоддзе колькасць насельніцтва ў раёне пастаянна змяншалася. На пачатак 2006 года тут жылі 32,6 тыс. чалавек — на 600 менш, чым было на 1 студзеня 2005 года. Вяскоўцаў налічвалася 20,7 тыс., гараджан — 11,9 тыс. чалавек.

СПАЖЫВАННЕ МЯСЦОВАГА ПАЛІВА РАСЦЕ

На апошнім пасяджэнні райвыканкама адзначалася, што за мінулы ацяпляльны сезон у цэлым па раёне на 261 т умоўнага паліва зменшылася спажыванне мазуты і вугалю. Адначасова на 5 107 т умоўнага паліва павялічы- лася выкарыстанне яго мясцовых відаў, удзельная вага якіх складае 67%.

ДЗЕЛЯ ДАБРАБЫТУ ЛЮДЗЕЙ

У канцы мінулага года вёска Опса набыла статус агра- гарадка, які сапраўды папрыгажэў, набыў свой адметны выгляд. Сёлета плануецца надаць такі ж статус вёскам Слабодка і Ахрэмаўцы.

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.