Школьнікаў ПАКЛІКАЎ ТУРЗЛЁТ

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп Спорт и здоровье

IMG_1106Свежае паветра, дружная кампанія, песні пад гітару і страва, прыгатаваная на вогнішчы, — тое, пра што мараць у апошнія дні вучэбнага года юныя аматары турызму. І як толькі адгучаць апошнія званкі, яны з задавальненнем збіраюць неабходны рыштунак. Аднак перш чым адправіцца ў вандроўкі, іх чакае самы сур’ёзны іспыт — раённы школьны турзлёт.

Кожны год стаянка “Окменіца” на некалькі дзён ператвараецца ў цэнтр турысцкіх баталій. Сёлета заваяваць галоўны прыз — пераходны кубак — пажадалі 20 каманд з 15 устаноў адукацыі, а гэта каля 200 школьнікаў. Дзяцей чакала шмат цікавых выпрабаванняў і конкурсаў, уражанняў і эмоцый, добрага настрою і новых знаёмстваў. Юныя турысты павінны былі паказаць не толькі свае навыкі, але і добрую фізічную падрыхтоўку, крэатыўнасць і творчыя здольнасці. Аднак іспыты іх не пужалі, а, наадварот, толькі настройвалі на хвалю перамогі. Ды і выдатнае надвор’е дадавала до- брага настрою і зараджала бадзёрасцю на бліжэйшыя дні.

Папярэднічала ж спартыўнай частцы ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, на якое завіталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч і дырэктар ЦДіМ Алена Гірон. Яны пажадалі юным турыстам поспехаў і добрага адпачынку. А пераможцы мінулагодняга турзлёту — каманда Опсаўскай школы — узнялі сцяг і перадалі журы пераходны кубак.

За два дні школьнікі павінны былі годна справіцца з доўгай дыстанцыяй, спартыўным арыентаваннем, конкурсамі мастацкай самадзейнасці і турысцкіх навыкаў і быту. Так, падчас самага галоўнага іспыту — паласы перашкод — юныя турысты паказалі, як яны ўмеюць завязваць вузлы, пераносіць пацярпелага, перапраўляцца па бервяне і паралельных вяроўках, пераадольваць брод, маятнік, гаць, распальваць вогнішча і многае іншае. І ўсё гэта трэба было паспець зрабіць за 2 гадзіны. Як паказалі вынікі, на трасе ўсе каманды выступілі годна, паказалі свой турыстычны спрыт і хуткасць.

IMG_1122
Пераможцам другі год запар стала каманда Опсаўскай школы

Не менш было і іншых цікавых конкурсаў. Па тры ўдзельнікі ад кожнай каманды спаборнічалі ў спартыўным арыентаванні. А пакуль яны пераадольвалі выпрабаванні, іх сябры па камандзе рыхтавалі з прыродных матэрыялаў эмблему сваёй каманды і прадстаўлялі на суд журы. Тут ужо не спартыўныя здольнасці трэба было прымяніць, а творчыя. Спатрэбіліся яны і падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці. Пасля напружанага дня вечарам турысты сабраліся каля вогнішча, каб паказаць сваё вакальнае і артыстычнае майстэрства.

Час праляцеў хутка, і наступіў самы доўгачаканы момант — падвядзенне вынікаў. Сярод базавых школ трэцімі сталі турысты з Быстрамаўцаў, другімі — вучні з Іказні, а пераможцамі — каманда Друйскага дзіцячага дома. Сярод сярэдніх школ барацьба была больш напружанай. І ўсё ж такі трэцяе месца занялі вучні з Відзаўскай школы, другое — турысты з СШ № 2, а пераможцам другі год запар стала каманда Опсаўскай школы. Дарэчы, менавіта яна прадстаўляла наш раён на аблас- ным турзлёце, які нядаўна праходзіў у Сенненскім раёне. Хоць і не хапіла нашым турыстам зусім крыху да перамогі, аднак у некаторых конкурсах яны былі сярод лідараў.

Ад удзельнікаў давялося пачуць, што для іх турзлёт — сапраўднае свята на прыродзе.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.