ПЛЯЖНЫ СЕЗОН ВОСЬ-ВОСЬ ПАЧНЕЦЦА

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство

IMG_6817Пачатак чэрвеня не парадаваў беларусаў сапраўднымі летнімі дзянькамі. Але сіноптыкі прагназуюць, што больш цёплае надвор’е вернецца ў Беларусь ужо ў сярэдзіне месяца. Масавы адпачынак пачаў свой адлік, і, як толькі прыгрэе со- нейка, людзі хлынуць да вады, у тым ліку і на браслаўскія азёры.

Сёлета ў Браславе да купальнага сезона рыхтавалі 2 пляжы на азёрах Дрывяты і Бярэжжа, замацаваныя ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама за КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”, і 3 месцы для купання — ля комплексу “Дрывяты” па вул. Набярэжнай (нацыянальны парк і турыстычназдараўленчае прадпрыемства), у в. Дубкі (Белдзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) і за базай адпачынку “Чайка” (Белдзяржуніверсітэт фізічнай культуры).

Каб на свае вочы пабачыць адпаведнасць гэтых месц санітарным нарматывам, 9 чэрвеня разам з памочнікам урача-гігіеніста РЦГіЭ Ганнай Пецюкевіч накіраваўся ў рэйд і я.

Безумоўна, сваёй маштабнасцю, дагледжанасцю і ўкамплектаванасцю ўражвае цэнтральны гарадскі пляж. Роўна прыглажаны пясочак, арыгінальныя ценявыя грыбкі, зручныя альтанкі, дзіцячыя і гульнявыя пляцоўкі, ачышчаныя ад смецця кантэйнеры і урны, новыя раздзявальні, масток для ўваходу ў ваду, біятуалеты. Хочаш пакарыстацца водна-спартыўным інвентаром — калі ласка, на месцы паслугі пракату. Па суседстве працуе кафэ райпа “Парус”, дзе можна купіць безалкагольныя напіткі, марожанае, кандытарскія вырабы, кулінарную прадукцыю. А паабедаць па-сапраўднаму ёсць магчымасць непадалёку ў залах кафэ “Сузор’е”.

На варце бяспекі купальшчыкаў выратавальнікі вадалазнай станцыі. Яны ж абследавалі і ачысцілі ад пабочных рэчаў акваторыю пляжа, дарэчы, як і на Бярэжжы, у Дубках.

Толькі аўтамабільная траса аддзяляе пляж ад зручнай стаянкі для транспарту, якая мяжуе з дарогай “Вы канання жаданняў”. Чаму б павольна не прайсціся па ёй, не дакрануцца да арыгінальных архітэктурных форм, не загадаць жаданне ці не палюбавацца прасторамі “мора” (так называюць Дрывяты многія турысты) з верхніх прыступак даўняй лесвіцы!

Літаральна побач з пляжам прапануюць свае паслугі прадпрымальнікі — пазабаўляцца на водных атракцыёнах, паспрабаваць свае сілы на канатнай дарозе вейкборда. А днямі па суседстве павінна адкрыцца летняе кафэ “Пляж”. Словам, рэкрэацыйная прастора на ўездзе ў горад ужо сёння стала сімпатычным, цэльным і камфортным месцам. Прыемна, што тут пастаянна з’яўляецца штосьці но- вае. І гэта далёка не асабістае меркаванне аўтара артыкула.

Больш сціпла выглядае бярэжаўскі пляж, хоць і тут з’явілася свая разынка: дзякуючы актыўнасці мясцовай ініцыятыўнай моладзі, літаральна на вачах “вырасла” выдатнейшая дзіцячая пляцоўка. Увогуле ж падрыхтоўка да купальнага сезона праведзена і тут з улікам усіх існуючых нарматыўных патрабаванняў.

А вось канстатаваць поўную гатоўнасць замацаваных за арганізацыямі месц для грамадскага купання на дату 9 чэрвеня было яшчэ рана. Бо ні на адным з трох не створаны ведамасныя выратавальныя пасты. Толькі ў Дубках, як і на пляжах, праведзена акарыцыдная (ад кляшчоў) апрацоўка. Ля комплексу “Дрывяты’’ не абследавана акваторыя. Дзесьці не хапае ценявых навесаў ці альтанак, масткоў для ўваходжання ў ваду, інфармацыйных стэндаў, не падкошана трава. Але ў цэлым тэрыторыі дагледжаны, не засмечаны, абсталяваны самым неабходным для адпачынку ля вады. Якасць яе, дарэчы, як паказваюць вынікі аналізу проб, адпавядае санітарным нарматывам. Таму застаецца толькі пажадаць усім прыемнага адпачынку.

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.