ПРЫ ВЯЛІКІХ АБ’ЁМАХ НЕ РАССЛАБІШСЯ

Экономика и финансы

IMG_6829Каб круглы год бязвыпасна ўтрымліваць малочнатаварны комплекс і комплекс па адкорме БРЖ, пракарміць у зімова-стойлавы перыяд дзве фермы з дойным статкам і тры з пакрытымі цялушкамі, а гэта амаль 8 тысяч галоў, ААТ «Агравідзы» патрабуецца рыхтаваць адпаведную колькасць кармоў. У сёлетні сенакосны прыпар кіраўніцтва гаспадаркі запланавала назапасіць 720 тон сена, 35 000 т — сенажу і 18 000 т — сіласу. Гэта самыя вялікія аб’ёмы травяністых кармоў у раёне. Мяркуйце самі: усімі сельгаспрадпрыемствамі запланавана закласці без малога 160 тысяч тон сенажу, значыць, пятая частка яго прыпадае на «Агравідзы».

— Каб справіцца з пла- навымі паказчыкамі, у гаспадарцы загадзя пачалі рыхтаваць да сезона кор- манарыхтоўчую тэхніку, — расказваў дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха. — Яшчэ ў час пасяўной імкнуліся кожную свабодную гадзіну падключаць механізатараў будучага корманарыхтоўчага атрада да рамонту замацаваных за імі агрэгатаў. На ўсіх аперацыях людзі ў нас працуюць правераныя, якія не першы раз шчыруюць на сенажацях. Сярод іх Эдуард Бялусь і Анатоль Кірпічонак, што працуюць на падборшчыках-здрабняльніках КВК-800, адвозчыкі зялёнай масы Уладзімір Ступель і Леанід Арсоба, у валкі траву зграбае Віктар Зюрын, на трамбоўцы заняты Валянцін Мамзелеў. Зразумела, гэта не поўны пералік механізатараў корманарыхтоўчага атрада, але і астатнія вартыя самых лепшых слоў, бо працуюць не расслабляючыся. А пры такіх аб’ёмах інакш не атрымліваецца. На комплексах сянажныя траншэі ўмяшчальныя, і, каб іх закласці, не парушаючы тэхналагічных тэрмінаў, часу губляць нельга.

Паколькі планы на сезон пастаўлены вялікія, «Агравідзы» першымі ў раёне выехалі на сенажаці. Маладыя травы зарулонілі ў стрэйч-упакоўку. Гэтага спажыўнага корму атрымалася амаль 800 тон. Практыка паказала, што такі сянаж незаменны ў рацыёне маладняку буйной рагатай жывёлы. У гаспадарцы няма свайго прэса для такой тэхналогіі, таму другі год запар наймаюць з аграсэрвіса прэспадборшчык, на якім працуе Уладзімір Багдановіч, спрактыкаваны і шчыры механізатар.

У пятніцу, калі разам з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гас- падаркі Віктарам Казінцом завіталі на сенажаць, дзе падбіраліся скошаныя травы, механізатары абедалі. Па іх таропкай ядзе было бачна, што абедзеннаму адпачынку шмат часу яны аддаваць не збіраюцца. Анатоль Кірпічонак, напрыклад, у адной руцэ трымаў кубак з кампотам, а другой штосьці падкручваў у сваім камбайне.

Пры такой арганізацыі работ, падыходах да яе мехатрад ААТ «Агравідзы» за першы тыдзень сенакосу паспеў нарыхтаваць 173 т сена і 4926 сенажу, або па 3,17 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Кожны дзень апошні паказчык там павялічваецца на 0,6 — 0,7 ц к. адз. Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.