ЮШКІ ХАПІЛА НА ЎСІХ

Акции, конкурсы, выступления

IMG_1166 Што можа быць лепш, чым у выхадны дзень сям’ёй ці з сябрамі прагуляцца па фестывальным горадзе, зазірнуць на мерапрыемствы, якія праходзілі падчас свят- кавання “Браслаўскіх зарніц”, і да таго ж пачаставацца духмянай юшкай. Такую магчымасць браслаўчанам і гасцям горада прадаставіў раённы камітэт БРСМ, які ў нядзелю арганізаваў конкурс “Браслаўская юшка” сярод арганізацый і ўстаноў раёна.

IMG_1216Гэта мерапрыемства ладзіцца не першы раз і заўсёды збірае шмат удзельнікаў і “дэгустатараў”. Вось і ў нядзелю ў Леснічоўцы было багата і тых, і другіх.

За званне лепшага повара юшкі змагаліся 9 каманд: з Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, ПУГВП “Віталіч”, ЦБП № 205 у г. Браславе Беларусбанка, КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”, Браслаўскага абласнога дзіцячага супрацьтуберкулёзнага цэнтра, “Еўраопта”, Відзаўскага ДПТК, філіяла “Браслаўрыба”, «УАЗ Браслаўская абласная псіхіятрычная бальніца “Слабодка”». Задача перад імі была няпростая: не толькі зварыць смачную юшку, што, адразу зазначу, ва ўсіх атрымалася выдатна, але і творча падысці да конкурсу: падрыхтаваць канцэртны нумар, здзівіць гасцей і журы гасціннасцю, афармленнем сваёй пляцоўкі.

Так, дзяўчаты з ЦБП № 205 г. Браслава пакарылі ўсіх сваёй жартоўнай песняй, камунальнікі паднялі настрой прыпеўкамі, каманда “КУБА” з супрацьтуберкулёзнага цэнтра запрасіла да залатой рыбкі, якая выконвала ўсе жаданні, а калектыў магазіна “Еўраопт” паказаў вядомую казку на новы лад. Нельга не адзначыць гасціннасць, з якой сустракалі браслаўчан і гасцей удзельнікі з Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, “Віталіча”, бальніцы “Слабодка”. Пастараліся сваімі жартоўнымі пастаноўкамі развесяліць прысутных педагогі і навучэнцы Відзаўскага каледжа, калектыў філіяла “Браслаўрыба”.

IMG_1174Фантазіі ўдзельнікаў не было межаў, і кожная каманда здзіўляла па-свойму. Гэта адзначалі і ганаровыя госці з афіцыйнай дэлегацыі, якія завіталі на “Браслаўскую юшку”. Яны з задавальненнем частаваліся стравай, цікавіліся рэцэптамі, знаёміліся з удзельнікамі конкурсу, а потым аддавалі свае галасы за тую ці іншую каманду. Дарэчы, зрабіць гэта маглі ўсе, хто завітаў на пляцоўку, дзе ладзіўся конкурс. Дастаткова было паспрабаваць духмяную юшку і вызначыцца, у каго яна больш смачная. Як адзначалі “дэгустатары”, зрабіць гэта складана, бо кожная страва прыгатавана смачна і па не падобным на іншыя рэцэпце.

IMG_1232Некалькі гадзін водар духмянай юшкі разносіўся па Леснічоўцы, усё больш было гасцей на пляцоўцы, дзе праводзіўся конкурс, адпаведна, і галасоў у скарбонцы той ці іншай каманды. У выніку іх падліку, а таксама меркаванняў журы перамога дасталася філіялу “Браслаўрыба”, другімі сталі ўдзельнікі з супрацьтуберкулёзнага цэнтра, а трэцімі — каманда Відзаўскага каледжа. Пакрыўджаных у гэты дзень не было, бо прадстаўнікі арганізацый атрымалі свае намінацыі і падарункі ад райкама БРСМ, а таксама правялі некалькі гадзін у добрай кампаніі на свежым паветры. А гасцям хапіла як духмянай юшкі, так і добрага настрою.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.