Смелы, мужны і моцны Аляксандр Чанчын

Люди

IMG_0604Не кожны малады чалавек адважваецца выбраць прафесію, якая патрабуе рызыкі. Вось і ў выратавальнікі-пажарныя ідуць толькі самыя смелыя, мужныя і моцныя не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Такімі якасцямі валодае і камандзір аддзялення ПАВП № 15 у г.п Відзы Аляксандр Чанчын.

Хоць у прафесіі малады чалавек не так даўно — з 2012 года, аднак і за гэты час яму не раз даводзілася сутыкацца з пажарамі, ратаваць чалавечыя жыцці і маёмасць.

Быць пажарным Аляксандр марыў яшчэ са школы, але лёс распарадзіўся так, што спачатку ён скончыў каледж, потым працаваў у лясніцтве. І ўсё ж жаданне дапамагаць людзям у барацьбе з вогненнай стыхіяй перамагло. Якраз і свабоднае месца ў камандзе браслаўскіх пажарных знайшлося. Праз некалькі месяцаў вучобы Аляксандр вярнуўся на Браслаўшчыну, дзе яму прапанавалі заняць пасаду пажарнага на відзаўскім ПАВП.

— Паколькі я сам з гэтых мясцін, добра ведаў калектыў паста, то і пачынаць было нескладана. Увогуле ж служба наша вельмі напружаная, адказная. Усё залежыць толькі ад таго, як хутка зрэагуе пажарны нарад. Кожны раз, калі даводзіцца выязджаць на выклік, міжвольна ўзнікаюць думкі пра тое, з чым давядзецца сутыкнуцца. Бываюць розныя выпадкі, здарэнні, аднак з кожным разам я набіраюся вопыту, — расказвае Аляксандр Чанчын.

Адказнага пажарнага хутка заўважыла кіраўніцтва і ў мінулым годзе прызначыла яго на пасаду камандзіра аддзялення. Цяпер Аляксандр адказвае не толькі за свае дзеянні, але і за ўсю каманду, якая выязджае на надзвычайнае здарэнне.

Тэрыторыя абслугоўвання паста — адна з самых буйных. Гэта не толькі населеныя пункты нашага раёна, але і некаторыя Шаркаўшчынскага і Пастаўскага. Адпаведна, і выпадкаў узгарання тут шмат. Зімой, як патлумачыў А. Чанчын, часцей сутыкаюцца з пажарамі з-за няспраўных пячэй ці няправільнага карыстання імі, курэння ў хаце. А вось у вясенні час самай вялікай праблемай ста- новіцца выпальванне расліннасці ці смецця. Вось і ў гэтым годзе практычна на кожным дзяжурстве Аляксандру і яго камандзе даводзілася сутыкацца з падобнага кшталту ўзгараннямі. Бывала, што за суткі 3-4 разы машына выязджала па трывозе. Увесь гэты час побач з ім знаходзіліся надзейныя калегі і таварышы, разам з якімі ён упэўнена накіроўваўся на любое заданне.

Калі ж выдаюцца вольныя хвілінкі і не трэба імчацца на выклік, каманда рыхтуе тэхніку і сочыць за спраўнасцю ўзбраення і абсталявання. Шмат увагі надаецца і фізічнай загартоўцы. Аляксандр любіць спорт, таму не раз удзельнічаў за каманду Відзаўскага сельсавета ў спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў і вяртаўся адтуль з прызавымі месцамі.

Калегі кажуць, што Аляксандр сапраўды знайшоў сябе ў пажарнай службе. Ён здольны хутка прымаць граматныя рашэнні ў розных сітуацыях і браць на сябе адказнасць за іх вырашэнне. Невыпадкова, што за сваю самаадданую работу малады пажарны не раз быў адзначаны ўзнагародамі як РАНС, так і Віцебскага ўпраўлення МНС.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.