Юныя сябры пагранічнікаў

Акции, конкурсы, выступления В свободное время

IMG_0542Ваеннаслужачыя Полацкага пагранічнага атрада не абмяжоўваюцца толькі сваімі прамымі абавязкамі. Яшчэ яны актыўна супрацоўнічаюць з установамі адукацыі. Таму не першы год пры некаторых школах раёна дзейнічаюць гурткі “Юныя сябры пагранічнікаў”. Гэта абумоўлена тым, што шмат юнакоў і дзяўчат зацікаўлены дзейнасцю ваеннаслужачых у зялёных фуражках.

У мінулым годзе ў Полацкім пагранічным атрадзе з’явілася цікавая ідэя: арганізаваць агляд-конкурс на лепшы атрад “Юных сяброў пагранічнікаў”. Такое мерапрыемства дало дзецям магчымасць праверыць свае веды і навыкі, знайсці сяброў з іншых школьных атрадаў, зарадзіцца добрым настроем. Дарэчы, падобны конкурс у краіне больш нідзе не праводзіўся.

Сёлета ваеннаслужачыя ў зялёных фуражках пашырылі геаграфію ўдзельнікаў. Спачатку мерапрыемства правялі на Верхнядзвіншчыне, а напярэдадні Дня пагранічніка на аглядконкурс сабраліся і браслаўскія школьнікі. Галоўнымі арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы Полацкага пагранічнага атрада і раённы камітэт БРСМ.

IMG_0497На пастаяннае месца правядзення конкурсу — пагранічную заставу “Плюсы” — на гэты раз сабраліся каманды 8 школ: Плюскай, Мяжанскай, Опсаўскай, Дрысвяцкай, Друйскай, Відзаўскай, Урбанскай і Казянскай. На ўдзельнікаў было прыемна паглядзець: кожная каманда ў адметнай форме, упрыгожанай шэўронамі з эмблемай.

Школьнікаў павіталі прадстаўнік аддзела ідэалагічнай работы пагранатрада Андрэй Дземідзенка і в.а. першага сакратара райкама БРСМ Надзея Плясун. А асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству надаў ваенны аркестр Полацкага пагранічнага атрада, які не толькі парадаваў музычнымі кам- пазіцыямі, але і прадэманстраваў школьнікам, як трэба паказаць сябе ў першым конкурсе — строю і песні.

Было бачна, што школьнікі да яго рыхтаваліся адказна. Яны выдатна спраўляліся з загадамі ка- мандзіра атрада, маршыравалі і пры гэтым з запалам напявалі песню на пагранічную тэматыку. Падчас другога, самага значнага і адказнага іспыту — ваенізаванай эстафеты — удзельнікам трэба было як мага хутчэй прайсці дыстанцыю, разабраць аўтамат, трапіць у паветраны шарык з пнеўматычнай вінтоўкі, аснасціць магазін патронамі, прабегчы ў процівагазе і перанесці паране- нага. Тут усё залежала ад таго, наколькі правільна на кожны з этапаў камандзіры атрадаў вызначылі ўдзельніка, а таксама ад зладжанасці каманды.

IMG_0529Не менш цікавымі былі конкурсы на лепшы баявы лісток, які школьнікі павінны былі “выпусціць” на месцы. Адны працавалі над яго стварэннем, а тым часам іншыя правяралі свае веды ў віктарыне на веданне гісторыі станаўлення і развіцця пагранічных войскаў, органаў пагранічнай службы ці вырашалі заданні па следапыцтве.

Пакуль журы падводзіла вынікі і вызначала пераможцу, юныя сябры пагранічнікаў частаваліся салдацкай кашай і духмяным чаем, прыгатаванымі ва ўмовах палявой кухні. Нарэшце настаў самы хвалюючы момант — узнагароджанне пераможцаў. Трэцімі па выніках конкурсу сталі школьнікі з Урбанскай школы, другое месца ва ўдзельнікаў з Казян, а вось пераможцамі другі год запар сталі юныя сябры пагранічнікаў з Відзаў. Усе каманды атрымалі дыпломы ад Полацкага пагранатрада і добры настрой, а пераможцы — падарункі ад райкама БРСМ і пераходны кубак.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.