СПАБОРНІЧАЛІ ЮНЫЯ КРАЯЗНАЎЦЫ

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп Отдых

imageСярод мноства цікавых і разнастайных спраў, якія ладзіць цэнтр дзяцей і моладзі, шмат мерапрыемстваў краязнаўчай накіраванасці. Адно з іх — гарадское арыентаванне “Мой горад” — напрыканцы мая трэці раз сабрала аматараў і знаўцаў гісторыі Браслава.

Як і заўсёды, жадаючых паўдзельнічаць у своеасаблівай краязнаўчай віктарыне было шмат, бо для школьнікаў такое спаборніцтва — цудоўная магчымасць паказаць свае веды і пошукава-даследчыя здольнасці. Гэта на працягу некалькіх гадзін і рабілі сем каманд 7 і 8 класаў гімназіі, СШ № 1 і № 2.

Задача перад імі стаяла нялёгкая. Спачатку дзеці прэзентавалі так званае “хатняе заданне”. Завочна ім неабходна было выбраць знакамітага браслаўчаніна, потым хлопчыка ці дзяўчынку з каманды і пераўвасобіць у вядомага земляка. А каб і журы бачыла, наколькі бываюць падобнымі асобы розных пакаленняў, — зрабіць фотаздымак. Кожная каманда творча падышла да гэтага задання, а сярод прадстаўленых работ былі такія фатаграфіі, на якіх сапраўды цяжка было адрозніць былое ад сучаснага.

Наступны — вочны — этап быў больш складаным. Каманды атрымлівалі заданні, а затым хутка перамяшчаліся па горадзе і адказвалі на пытанні пра мінулае і сучаснасць Браслава. Паралельна яны шукалі тыя знакамітыя будынкі і помнікі, якія значыліся ў заданнях. А каб пацвердзіць, што сапраўды былі на месцы, рабілі фотаздымкі побач з імі. Адказаць хутка і правільна не заўсёды было лёгка, бо заданні трапляліся з хітрыкамі. Аднак каманды паказалі крэатыўнасць мыслення, спрыт і змаглі дастойна сябе паказаць.

Сярод удзельнікаў былі як “навічкі”, так і тыя дзеці, якія ўжо не першы год удзельнічаюць у краязнаўчым арыентаванні. Па іх словах, гэта цікавая і пазнавальная гульня, якая дае магчымасць праверыць свае веды, больш даведацца пра гісторыю райцэнтра і разам з тым незвычайна і цікава правесці час.

Па выніках усіх іспытаў лепшай сярод 7-х класаў стала каманда “Турысты” СШ № 2, а ў 8-класнікаў бясспрэчным лідарам аказаліся “Зубры” з гімназіі.

Таццяна ПЯТУШКА.