Браслаўчане на гала-канцэрце ў Віцебску

Калейдоскоп Новости

DSC_2097 Маштабным гала-канцэртам на сцэне Летняга амфітэатра завяршыўся агляд самадзейнасці творчых калектываў Віцебшчыны. На выступленне лепшых спевакоў, танцораў, музыкантаў і акцёраў сабраліся паглядзець не толькі віцябчане — з усіх раёнаў вобласці прыехалі дэлегацыі са сваімі сцягамі і сімволікай.

На канцэрце прысутнічалі і ганаровыя госці — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга і іншыя.

Вітаў удзельнікаў гала-канцэрта старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які адзначыў, што Год культуры асаблівы для Віцебшчыны. “Наша зямля багатая на таленты, якімі можна ганарыцца. У вобласці адбываецца шмат цікавых і самабытных фестываляў, якія вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі,”— падкрэсліў М. Шарснёў.
248-300x225Дарэчы, перад пачаткам канцэрта гледачам дэманстраваўся фільм пра творчыя калектывы і фестывалі Віцебскай вобласці. Значная ўвага ў ім была ўдзелена Міжнароднаму святу “Браслаўскія зарніцы” і святу сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Прысутныя пабачылі моманты выступленняў зводнага хору, адкрыццё свята, шэсце ўдзельнікаў, рыцарскія баі і інш. Перад аўдыторыяй амфітэатра выступілі больш за 1300 самадзейных артыстаў і калектываў, якія прайшлі папярэдні адбор. Канкурэнцыя была высокай: камісія праглядзела больш за 5000 чалавек і 500 калектываў вобласці. Па выніках адбору на гала-канцэрт трапілі і два браслаўскія калектывы — ансамбль барабаншчыц “Брава” (кіраўнік Кацярына Баліка) і народны тэатр Браслаўскага РЦК (кіраўнік Яўген Набееў).

У Летнім амфітэатры браслаўскі калектыў “Брава” выступіў у вялікім зводным ансамблі барабан- шчыц Віцебскай вобласці і выконваў “Марш” на музыку Г. Свірыдава. Арганізатары ўсклалі на іх ганаровую місію — адкрыццё і закрыццё канцэрта. Для таго, каб выступіць у зводным хоры, дзяўчатам, якія яшчэ вучацца ў школе № 1 і гімназіі, давялося рэпеціраваць некалькі тыдняў у Браславе і пару гадзін перад выступленнем у Віцебску. Аднак яны справіліся і паказалі сябе з лепшага боку.

Народны  тэатр Браслаўскага РЦК выступаў на гала-канцэрце з тэатралізаванай пастаноўкай “Памяць, застылая ў вяках”. Браслаўчане ўжо бачылі яе падчас урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных святам Перамогі і Дню Незалежнасці. Праўда, не ў такім маштабе. На віцебскай сцэ- не ўдзел у пастаноўцы прынялі 23 чалавекі з розных арганізацый і ўстаноў горада. Самым малодшым артыстам было па 10 гадоў. Тэатр паказаў больш за 10 розных помнікаў Беларусі і блізкага замежжа, для чаго ўдзельнікам прыйшлося грыміравацца больш за дзве гадзіны.

Дарэчы, аналагічныя гала-канцэрты пройдуць ва ўсіх абласцях Беларусі. Лепшыя нумары з іх будуць адабраны для ўдзелу ў культурных мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню.

Алена НАБЕЕВА