Турнір побытавых беларускіх танцаў на “Браслаўскіх зарніцах”

Калейдоскоп Общество

_MG_0750Турнір побытавых беларускіх танцаў у межах Міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” сёлета сабраў больш за 80 удзельнікаў з Лепеля, Шуміліна, Гарадка, Лёзна, Сянно, Чашнікаў, Мёр, Глыбокага, Дуброўна, Пастаў, Ушачаў, Полацка, Віцебска і, вядома, Браслава.

Турнір танцавальных пар пачаўся з агульнага танца. Усе танцоры пусціліся ў пляс пад гукі добра вядомай і любімай беларускай полькі. Гэта было прыгожае і феерычнае відовішча! Разнастайныя рэгіянальныя касцюмы, рознаўзроставыя пары, мноства варыянтаў выканання танца — з першых IMG_0745хвілін мерапрыемства стала зразумела, што турнір будзе цікавым.

Удзельнікаў падзялілі на тры ўзроставыя катэгорыі. Пасля чарговага туру і падліку балаў ад журы частка пар адсейвалася. І з кожным разам усё цікавей было назіраць, хто пройдзе далей.

Лявоніха, мікіта, полька, какетка, месяц, абэрак, верацяно, ночка, субота, нарэчанька — гэтыя і не толькі танцы выконвалі ўдзельнікі турніру. Як высветлілася, у кожным рэгіёне свае адметнасці. Як толькі танцоры не заблытваліся?! Тым больш пад пільным і строгім вокам журы, у склад якога ўваходзілі Галіна Баркевіч, начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,_MG_0751 культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Кацярына Лабука, дырэктар ДУ “Віцебскі АМЦНТ”, Вольга Панэ, галоўны балетмайстар ДУ “Віцебскі АМЦНТ”, Ігар Гарбуноў, выкладчык харэаграфічных дысцыплін Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, Вераніка Хомбак, дырэктар Лепельскай ДШМ.

На працягу некалькіх гадзін пары кожным сваім рухам, паваротам, прытупам і нават усмешкай даказвалі, што яны лепшыя. Аднак пераможцам стала і атрымала Гранпры турніру ў намінацыі “Адметны мясцовы танец” пара з Лёзна. Асобна былі вызначаны пераможцы і прызёры ў кожнай узроставай групе, а ўсе танцавальныя пары атрымалі дыпломы ўдзельнікаў турніру по- бытавых беларускіх танцаў.

_MG_0753 Добра выступілі на турніры і нашы землякі. Абедзве браслаўскія пары выйшлі ў фінал, аднак Дзмітрыю Мачульскаму і Алене Пяткун крыху не хапіла балаў да прызавых месцаў. А вось Аляксей Ягоранкаў і Ала Галіна сталі трэцімі ў сваёй узроставай групе.

Турнір побытавых танцаў стаў яркай і прыгожай старонкай у агульным летапісе “Браслаўскіх _MG_0760зарніц”. Дзякуючы яму, мы пашыраем свае веды пра танцавальную культуру нашых продкаў, знаёмімся з самабытнымі і адметнымі танцамі. Хочацца, каб з кожным годам ён пашыраў свае межы, а колькасць удзельнікаў толькі ўзрастала!

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.