БРАСЛАЎСКАЯ НОЧ МУЗЕЯЎ З ЯПОНСКІМ КАЛАРЫТАМ

Акции, конкурсы, выступления Выставки

IMG_0585Музей традыцыйнай культуры 21 мая пераўвасобіўся ў японскі гарадок, на вулачках якога адбывалася шмат цікавых мерапрыемстваў. Сёлета супрацоўнікі Браслаўскага аб’яднання музеяў прысвяцілі акцыю “Ноч музеяў” Японіі.

Што мы ведаем пра Японію? Амаль нічога. А насамрэч гэта цікавая і самабытная краіна са сваімі адметнымі традыцы ямі, рамёствамі, культурай харчавання, баявымі адзінаборствамі і інш. Аргані- затары акцыі паклапаціліся пра тое, каб браслаўчане за адзін вечар змаглі даведацца пра Японію як мага больш.

IMG_0555Ужо на падыходзе да будынка музея традыцыйнай культуры былі чутны гукі японскай музыкі і голас дыктара, які расказваў пра геаграфічныя і культурныя асаблівасці Краіны ўзыходзячага сонца. Акрамя гэтага, на ўстаноўленым мультымедыйным экране дэманстраваліся фотаздымкі і відэаролікі. У выставачнай зале музея наведвальнікі мерапрыемства знаёміліся з экспанатамі выстаўкі “Традыцыі і культура Японіі”, сярод якіх былі адзенне, муляжы ежы, маскі і іншыя прадметы, якія трапна характарызуюць краіну. На другім паверсе будынка госці з Мінска Рыма Карачан і Ірына Іоўлева праводзілі майстаркласы па суміэ (традыцыйным японскім жывапісе) і арыгамі.

IMG_0574Цікавай і пазнавальнай аказалася лекцыя пра кімано ад запрошанай госці Ірыны Лампэ, якая расказала шмат новых фактаў не толькі пра традыцыйнае адзенне, але і цярпліва адказвала на дадатковыя пытанні браслаўчан увогуле па гісторыі і культуры Японіі. Не абышлі сваёй увагай арганізатары акцыі і сучасныя японскія тэндэнцыі. Так, напрыклад, цяпер у Японіі сярод моладзі існуе культ анімэ (мультфільмаў). Японцы любяць пераапранацца ў выдуманых персанажаў. Касплейдэфіле, прысвечанае гэтай тэме, падрыхтавалі браслаўчанкі Кацярына Міхневіч і Ганна Рыхтар. З цікавасцю пазнаёміліся браслаўчане з творчасцю зямлячкі, удзельніцы клуба майстроў і мастакоў “Ля возера” Наталлі Лук’янец, персанальная выстаўка якой адкрылася гэтым вечарам у музеі.

IMG_0592Не пакінулі нікога раўнадушнымі паказальныя выступленні браслаўскай секцыі ўсходніх адзінаборстваў і калектыву “Кіакушынкай каратэ-до” з Верхнядзвінска і Мёр. Нашы землякі і суседзі пакарылі гледачоў сваімі ўменнямі і ўразілі валоданнем спецыяльных прыёмаў.

“Ноч музеяў — 2016” у Браславе стала яркай і запамінальнай падзеяй у культурным жыцці горада, а яе арганізатары абяцаюць, што і далей будуць імкнуцца прыемна здзіўляць браслаўчан. Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.