У свае 95 — не згубіла любоў да жыцця

Люди

_MG_0293У цёплыя вясновыя дні свой 95-ы дзень нараджэння сустрэла Зінаіда Аляксандраўна Кук’ян. Родам з Шаркаўшчынскага раёна, яна паехала за мужам Робертам на Браслаўшчыну, у вёску Мількі. Разам з ім трымала вялізную гаспадарку, выхавала дачку Тэрэзу і сына Франца. Цяпер жанчына жыве разам з дачкой у вёсцы Гавейкі.

Светлы твар з вачыма, поўнымі жыццёвай мудрасці, напружаныя працавітыя рукі, хударлявая постаць, а за плячыма — нялёгкія ваенныя і пасляваенныя гады, жыццёвыя выпрабаванні, якія не зламалі, а толькі загартавалі. Памяць, як кінастужка, захоўвае яркія эпізоды жыцця, расказ пра якія часам нельга успрымаць без слёз.

Дзяцінства ў акружэнні бацькоў і братоў… Знаёмства з мужам, вяселле і горыч расстання, калі яго забралі на фронт… Вялікая Айчынная вайна, падчас якой неаднаразова дапамагала партызанам, за што не раз пакутвала ад немцаў… Нараджэнне такіх доўгачаканых дзяцей… Страта любімага мужа… З’яўленне ўнукаў і праўнукаў…

Нягледзячы на паважны ўзрост, Зінаіда Кук’ян не згубіла любоў да жыцця і аптымізм. Добрая памяць дазваляе расказваць не толькі жыццёвыя гісторыі, але і спяваць: жанчына ведае безліч прыпевак і песень.

Адкуль такая песенная скарбніца?  З дзяцінства і юнацтва, калі ўсе збіраліся і разам церабілі лён, пралі і ткалі. Дарэчы, ткаць разнастайныя рэчы Зінаіда Кук’ян перастала толькі некалькі гадоў назад, калі стаў падводзіць зрок.

Сын жыве у Браславе, пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, якія хоць і раз’ехаліся па розных гарадах, аднак не забываюць сваю дарагую матулю і бабулю і імкнуцца як мага часцей наведваць, аддзячыць за яе клопат і любоў. А яна заўсёды сустракае іх з радасцю і пяшчотай.

Алена Набеева.

Фота аўтара.

На здымку: 17 мая Зінаідзе Кук’ян споўнілася 95 гадоў.