Пра што пісала “Браслаўская звязда” 20 гадоў таму назад (май 1996-га)

Калейдоскоп


542-300x72Зваротнай дарогі няма

Пасля доўгіх дэбатаў у раёне ў мінулым годзе Кабінет Міністраў прыняў рашэнне аб стварэнні нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. Аднак пэўная група мясцовых жыхароў не можа змірыцца з існаваннем НП і працягвае рабіць з яго для недасведчаных людзей пудзіла, што крайне не этычна, як не этычна пры сённяшнім беспрацоўі выступаць супраць стварэння новых рабочых месц.

Трапныя стрэлы

Нядаўна каманда аддзела ўнутраных спраў прымала ўдзел у рэгіянальных спаборніцтвах па стральбе. Гонар браслаўскіх міліцыянераў абаранялі Часлаў Угарэнка, Іван Ротчанкаў і Міхаіл Парфяновіч. Яны былі самымі трапнымі і па праве занялі першае месца.

Граніца жартаў не любіць

Ёсць шмат людзей, якія, нягледзячы на строгасць Крымінальнага кодэкса, вядуць рызыкоўную гульню ў кошкі-мышкі на дзяржаўнай мяжы. Так, за першы квартал граніцу парушылі 28 жыхароў Браслаўскага раёна. Напрыклад, грамадзянін М. хацеў наведаць знаёмых у Латвіі, браты Н. накіроўваліся ў Літву прадаваць матылёў, а браслаўчанін В. нёс запрашэнне сваёй знаёмай на ўезд у Беларусь. Усе яны былі аштрафаваны.

Дык хто ж дапаможа?

Браслаўскія азёры славяцца вугром. Але з-за ўзведзеных на рэках плацін рыба не можа трапіць у нашы вадаёмы. У 70 — 80-я гады зарыбленне азёр вялося цэнтралізавана: спецрэйсам прыбываў самалёт у Паставы, адкуль малявак вугра вывозілі ў бочках браслаўскія і нарачанскія рыбакі. Сёлета ж зарыбленне знаходзіцца пад пагрозай зрыву з-за адсутнасці сродкаў.

Чысціня ў горадзе — справа саміх гараджан

Вынікі рэйду, праведзенага раённай інспекцыяй па ахове прыроды, зямельным

аддзелам райвыканкама і РАУС па Браславе і яго наваколлі, засмучаюць. Куды падзеліся традыцыі падтрымліваць у сваім агульным доме чысціню, парадак і хто падмяніў сёння жыхароў райцэнтра?

Ахоўваюць рубяжы сваёй Айчыны

Браслаўская камендатура Полацкага пагранатрада, якая пачала працаваць у раёне з мая 1993 года, разам з прафесіянальным святам — Днём пагранічніка — адзначае і

трохгоддзе свайго заснавання.

“Браслаўскія зарніцы — 96”

Па традыцыі ў апошнюю нядзелю мая адбудзецца фестываль народнай творчасці “Браслаўскія зарніцы — 96”. Пачнецца ён са “Свята ткацтва на Браслаўшчыне”. Будуць працаваць выстаўкі-продажы, латарэі, вясёлыя атракцыёны, гандлёвыя рады. Галоўнае дзейства фестывалю пад назвай “Сёння ў нашай хаце свята” прысвячаецца беларускай музыцы, песням, танцам. Усе на “Браслаўскія зарніцы”!

Старонкі газеты гартала

Жанна Бялько.