Веснавое зарыбленне

Главное

SDC147751Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” працягвае зарыбляць вадаёмы, перададзеныя прыродаахоўнай установе ў бязвыплатнае карыстанне: з 4 па 6 мая ў азёры нацыянальнага парка запушчана 1млн 348 тыс. лічынак шчупака.

Трэба адзначыць, што з такой колькасці 1 млн 63 тыс. штук — гэта ўласны рыбапасадачны матэрыял прыродаахоўнай установы. У параўнанні з мінулым годам яго вытворчасць павялічылася больш чым у 4 разы, што абумоўлена праведзенай у 2014 — 2015 гадах рэканструкцыяй рыбагадавальніка “Мякяны”, падчас якой былі павялічаны плошчы нераставых сажалак.

Пад наглядам прадстаўнікоў міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мінсельгасхарча работнікі нацпарка адлаўлівалі лічынак шчупака з нераставых сажалак “Мякяны” і “Чэрніцы”, перасаджвалі іх у поліэтыленавыя пакеты, якія накачвалі кіслародам, і перавозілі для выпуску ў азёры Войса, Недрава, Абаб’е, Богінскае, Загорнае, Астравіта і Плуценак.

Таксама лічынкамі шчупака ў колькасці 285 тыс. штук, закупленымі ў ААТ « Рыбгас “Волма”» Чэрвенскага раёна і ТАА “Тэррафіш” Чашніцкага раёна, зарыблена воз. Дрывяты.

З-за неспрыяльных кліматычных умоў зарыбленне прайшло не ў поўным аб’ёме, таму ў наступныя гады нацпарк прадоўжыць папаўняць рыбапасадачным матэрыялам азёры Дрывяты і Войса, а таксама іншыя вадаёмы.

У апошнія гады зроблена нямала для папаўнення папуляцыі абарыгенных драпежных відаў рыб, у тым ліку шчупака, які ў рыбаловаў-аматараў выклікае найбольшы інтарэс. Разам з тым звяртаем увагу, што ўселеная рыба дасягне прамысловага памеру толькі праз два — тры гады. Таму пры вылаве шчупака менш за 40 см не забывайце выпускаць яго назад у вадаём.

Яўген Кардэль,

малодшы навуковы супрацоўнік нацпарка.