Ведаю, кім быць

Калейдоскоп Люди

Выбар прафесіі — складаная задача для кожнага. Адны ставяць у прыярытэце свае інтарэсы і запатрабаванні, другія прытрымліваюцца сямейных традыцый, іншыя ўлічваюць попыт на рынку працы. Якую будучыню выбралі выпускнікі навучальных Браслаўшыны, пацікавілася карэспандэнт газеты Алена Пятушка.

IMG_5501 Алеся Мядзель, СШ №2:

  • Яшчэ ў сярэдніх класах Плюскай СШ з задавальненнем пісала артыкулы ў школьную насценную газету “Заранка”, дзе расказвала пра цікавае і насычанае жыццё вучняў. Калі прыходзіла натхненне, на паперу клаліся і вершаваныя радкі. Дапамагала мне ў пісьменніцкай справе мая настаўніца беларускай мовы Валянціна Валяўка.

За апошнія два гады, якія вучуся ўжо ў гарадской школе, маё памкненне стаць журналістам толькі ўзмацнілася. Я паставіла перад сабой мэту і ўпэўнена крочу па намечаным шляху. Сур’ёзна рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання, займаюся на факультатывах. Мае вершы друкаваліся ў газеце “Зорка”, сёлета стала пераможцай абласнога конкурсу паэтычных твораў “Рыфма. by”. Абавязкова прыму ўдзел і ў фотаконкурсе “Ваш гадаванец — зорка раёнкі”. У вольны час з цікавасцю знаёмлюся з разнастайнай перыёдыкай, з малых гадоў чытаю “Браслаўскую звязду”.

Адзінаццацікласнікам жадаю правільна вызначыцца з выбарам сваёй будучай прафесіі, якая будзе па душы і прынясе толькі задавальненне.

IMG_5516Дзмітрый Навіцкі, СШ №2:

  • У захапляльны свет камп’ютарных гульняў акунуўся ў пяць гадоў, калі бацькі купілі першы камп’ютар. З цягам часу мая зацікаўленасць пашыралася: стаў сачыць і вывучаць разнастайныя інфармацыйныя тэхналогіі, бо лічу, што за імі наша будучыня. Таму з выбарам прафесіі вызначыўся даўно і ведаю, куды мне хацелася б паступіць. А каб паспяхова здаць ЦТ, вывучаю на павышаным узроўні матэматыку і фізіку, чытаю спецыяльную літаратуру, гляджу відэаўрокі.

Вучыцца заўсёды нялёгка, і вольнага часу амаль не застаецца. Але каб не памыліцца з выбарам прафесіі, трэба ўсвядоміць, наколькі гэта важна, шукаць сябе, зразумець, ад якой сферы атрымаеш максімум задавальнення, не забываць пра свае схільнасці і здольнасці.

IMG_5519Артур Кіюц, СШ №1:

  • Мне з дзяцінства падабаецца работа міліцыянера, асабліва аператыўна-пошукавая служба. На рашэнне звязаць свой лёс з праваахоўнымі органамі паўплывалі станоўчыя водгукі сваяка, што служыць у Браслаўскім РАУС, і кінафільмы. Безумоўна, пры такой рабоце трэба быць фізічна загартаваным, таму заўзята займаюся спортам. Не на апошнім месцы ў падрыхтоўцы да паступлення і іншыя школьныя прадметы.

Хачу пажадаць усім выпускнікам Браслаўшчыны ўдачы і здзяйснення мар. Упэўнены, што моладзь прыкладзе для гэтага максімум намаганняў.

IMG_5608

Ганна Мураўёва, гімназія:

  • У выбары маёй будучай прафесіі ключавую ролю адыграў вядомы амерыканскі серыял “Доктар Хаус”. Дзякуючы галоўнаму герою кінафільма, адназначна вырашыла, што ратаваць і лячыць людзей — маё прызванне. А паколькі люблю дзяцей і заўсёды знаходжу з імі паразуменне, то мару стаць педыятрам. Гэта вельмі складаная і адказная прафесія, і давядзецца многа і грунтоўна вучыцца ў медыцынскім універсітэце.

Сфарміраваць свае веды па біялогіі і хіміі на адпаведных профільных занятках мне дапамагае выдатная настаўніца Тэрэза Максімовіч. Акрамя гэтага, вучылася на падрыхтоўчых курсах пры БДУ, ездзіла ў сталіцу на рэпетыцыйнае тэсціраванне. І, безумоўна, шмат часу займаюся самастойна, чытаю адпаведную літаратуру, вывучаю ў інтэрнеце інфармацыю пра сваю будучую прафесію, пра новыя медыцынскія тэхналогіі. Пасля заканчэння медустановы планую вярнуцца на сваю малую радзіму.

Памыліцца з выбарам прафесіі, як мне здаецца, баіцца кожны. А калі нехта яшчэ сумняваецца, то лепш за ўсё добра абдумаць і параіцца з блізкімі і кампетэнтнымі людзьмі. Але ўпэўнена, што канчатковае рашэнне неабходна прымаць самому. Таму ўсім выпускнікам раёна жадаю зрабіць правільны выбар.

IMG_5680Андрэй Собалеў і Яўген Зейферт, Відзаўская СШ:

  • З тэхнікай мы сябруем з дзяцінства, таму з вялікім задавальненнем дапамагалі сваім бацькам рамантаваць машыны і трактары. Нярэдка заставаліся ў гаражы да позняга часу. Таму і далейшы свой прафесійны лёс намераны звязаць з тэхнікай, толькі больш габарытнай і незвычайнай для нашых мясцін. Вось і вырашалі паступіць у Мінскі чыгуначны каледж. А паколькі мы сябры, то ў сталіцу паедзем разам. Безумоўна, удваіх будзе лягчэй.

З цікавасцю і захапленнем пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы падчас дня адкрытых дзвярэй. Гэтая экскурсія толькі ўмацавала наша рашэнне. Цяпер стараемся павысіць сярэдні бал атэстата.

Жадаем выпускнікам поспехаў на ўступных экзаменаў і знайсці свой шлях у жыцці.