Па ваколіцах Друі і Слабодкі

Здоровье Отдых

_MG_0305Запамінальна і пазнавальна правялі тры дні з 13 па 15 мая, юныя турысты з Браслава, Опсы, Друі і Слабодкі.

У гэтыя дні яны пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў і кіраўнікоў турыстычных гурткоў адправіліся ў пешы паход па ваколіцах Друі і Слабодкі ў рамках вясенняга этапу спаборніцтваў адкрытай раённай турыяды.

Стартавалі Друі, дзе для іх правялі экскурсіі, а фінішавалі ў Слабодцы. Усяго школьнікі пераадолелі пешшу 40 кіламетраў. Іх маршрут пралягаў праз ур. Бароўку, воз. Мядзведна, вёскі Дзергава, Быстрамаўцы, Данькі. Нягледзячы на тое, што маршрут ва ўсіх быў аднолькавы, а месцы для стаянак загадзя вызначаны, тактыку паходу кожная група ўдзельнікаў выбірала сама. Арганізаваць свой быт ва ўмовах прыроды, хутка развесці вогнішча, знайсці ваду, прыгатаваць ежу — юным турыстам неабходна было часам “уключаць”  кемлівасць і ўважліва слухаць парады сваіх кіраўнікоў.

На працягу вандроўкі яны фіксавалі кожны свой крок у спецыяльных дзённіках і фатаграфаваліся. Гэта было неабходна, каб пасля прыняць удзел  у конкурсе на лепшы паход.

Дні турпаходу праляцелі непрыкметна. Яны пакінулі ў дзяцей турыстычны вопыт, а таксама шмат уражанняў, якімі юныя турысты яшчэ доўга будуць дзяліцца са сваімі равеснікамі.

Алена Набеева.

Фота аўтара.

На здымку: школьнікі гарадскіх школ разам са сваім кіраўнікамі В. Вінэлем і А. Салаком перад адпраўкай у паход.