Цяжкае рашэнне на карысць дзіцяці

Главное Человек и закон

Finskie-malyshi-obretut-ottsov-dazhe-protiv-voli-materi.Як часта органам апекі, камісіям па справах непаўналетніх і іншым зацікаўленым службам здараецца вырашаць, дзе ў фразе “пакінуць нельга забраць” паставіць коску. І, на жаль, абараняючы інтарэсы дзяцей, часам чыноўнікам усё ж даводзіцца ўжываць жорсткія фармулёўкі, за якімі стаіць адабранне непаўналетніх.  

Як патлумачыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Хілько, галоўным дакументам, які рэгулюе гэты няпросты працэс, з’яўляецца Дэкрэт Прэзідэнта №18.

Каб праблемы ў сям’і, якая вызывае насцярожанасць грамадскасці, не засталіся незаўважанымі, усе зацікаўленыя службы падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў рэгулярна абследуюць умовы жыцця і выхавання непаўналетніх.

У Дэкрэце прапісаны крытэрыі, якімі члены камісіі кіруюцца падчас наведвання нядобранадзейных сямей. Тым не менш да кожнай сітуацыі, дзе дзіця мае патрэбу ў сацыяльнай абароне дзяржавы, падыходзяць індывідуальна.

Толькі ў гэтым годзе, паведаміла, Л. Хілько, чацвёра дзетак з трох сямей пакінулі родныя дамы. А ўсяго на сённяшні дзень у раёне 10 непаўналетніх з 6 сямей знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Вельмі сумна ўсведамляць той факт, што павялічваецца колькасць маладых нядбайных бацькоў.

Цяпер адны гаротныя дзеці знаходзяцца ў прыёмных сем’ях, іныя — у доме сямейнага тыпу, дзе апекуны намагаюцца ахінуць іх цяплом і ствараюць для падапечных утульную хатнюю атмасферу.

Безумоўна, усе зацікаўленыя службы праводзяць грунтоўную работу, каб гэтага не дапусціць, а калі маленькім гаротнікам усё ж давялося пакінуць родны дом, то дапамагчы бацькам зрабіць усё падрэбнае для вяртання сваіх дзяцей.

Ёсць у іх рабоце і станоўчыя прыклады, калі бацькі апамяталіся, выканалі ўсе прадпісанні і зноў чуюць у хаце галасы сваіх крывінак.

Зразумела, “адабранне” дзяцей — гэта не заўсёды канчатковы прыгавор. Цяжкая працэдура — апошняя мера для бацькоў змяніць свой лад жыцця ў лепшы бок.

Нярэдка многія абвінавачваюць супрацоўнікаў органаў апекі ў бяздушнасці і чэрствасці, маўляў, як можна разлучаць дзяцей і бацькоў, дайце ім шанс. Але калі адбываецца трагедыя, то чутны ўжо іншыя воклікі: а куды глядзелі педагогі, сацыяльныя работнікі, міліцыя?

Так, службе апекі іншым разам даводзіцца разлучаць дзяцей з біялагічнымі бацькамі, і гэта заўсёды трагедыя асобна ўзятай сям’і. І яна, безумоўна, на ўсё жыццё пакідае адбітак у дзіцячай душы. Як сцвярджаюць сацработнікі, практычна заўсёды, нават той маці, якая п’е і апусцілася на самае дно жыцця, дзеці беззапаветна адданыя і не жадаюць расставацца з ёй, таму што яна — маці. Але пакінуць  абяздоленае дзіця сам-насам са сваёй бядой дзяржава таксама не мае права.

Алена Пятушка.