Прэм’ера ваеннага спектакля

Калейдоскоп Новости
_MG_0266
На здымку: калектыў народнага тэатра.

“Радавыя”, “Не пакідай мяне”, “На Дняпроўскім рубяжы” — спектаклі на ваенную тэму займаюць асобнае месца ў рэпертуары народнага тэатра Браслаўскага РЦК. Па традыцыі прэм’еры адбываюцца 9 мая. Сёлета браслаўскаму гледачу падчас святкавання Дня Перамогі быў паказаны спектакль “Бліндаж” па аповесці Васіля Быкава.

П’есу па нясконачанай аповесці В. Быкава напісаў беларускі празаік і драматург Васіль Ткачоў. Па словах рэжысёра народнага тэатра Яўгена Набеева, да творчасці В. Быкава, класіка беларускай літаратуры, хацелася звярнуцца даўно. Менавіта ў яго творах найбольш выразна паказаны чалавечыя характары і якасці падчас падзей Вялікай Айчыннай вайны. Да выбару гэтай п’есы рэжысёра падштурхнуў аднайменны фільм, які паглядзелі ўсім калектывам і прынялі рашэнне брацца за пастаноўку.

У цэнтры ўвагі гледача — бліндаж, які захаваўся пасля бою і ў якім збіраюцца розныя людзі — кантужаны капітан Хлебнікаў, нямецкі дэзерцір Хольц, партработнік Дземідовіч, сялянка Серафімка і іншыя. У кожнага свая гісторыя, характар, погляд на жыццё і права выбару паміж дабром і злом…

_MG_0256У спектаклі заняты самадзейныя артысты Віталь Кавалеўскі, Наталля Талмачова, Алена Кіжла, Канстанцін Каралевіч, Аляксей Шамбельскі, Уладзіслаў Мацеша і рэжысёр Яўген Набееў.  Разам з імі глядач пражываў кожную хвіліну дзейства на сцэне, пераносіўся ў далёкія ваенныя часы і шукаў выхад з сітуацыі. Душэўныя перажыванні герояў удала дапаўняла драматычная музыка, а выканаўцы роляў у кожную фразу і жэст укладалі ўсе свае творчыя здольнасці.

Спектаклям “Бліндаж” народны тэатр аддаў даніну памяці ўсім, хто трапіў у жорны вайны, змог выстаяць і пры гэтым застацца сапраўдным чалавекам і патрыётам сваёй радзімы.

Аліна Брас.

Фота аўтара.