Увага і падзяка ветэранам

Акции, конкурсы, выступления

IMG_5841Штогод напярэдадні ўсенароднага свята Дня Перамогі работнікі арганізацый Браслаўскага раёна віншуюць сваіх ветэранаў вайны. Сёлетняе не было выключэннем.

Напрыклад, в.а. дырэктара КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Віталь Трафіменкоў, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Валянціна Баравік і старшыня прафкама арганізацыі Людміла Волк павіншавалі сваю былую работніцу Марыю Куліненка, якая жыве ў г.п. Відзы. У 1943 годзе шаснаццацігадовай дзяўчынай яна трапіла ў Нямеччыну і зведала ўсе цяжкасці палоннага жыцця.

А дырэктар Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК Віталь Далжэнка і адказная за ідэалагічную работу прадпрыемства  Святлана Усава завіталі да былога супрацоўніка Уладзіміра Януковіча, які ўзнагароджаны медалямі “За бездакорную воінскую службу ў Вялікай Айчыннай вайне” і “За перамогу над Германіяй”.

На жаль, Уладзімір Вячаслававіч па стане свайго слабога здароўя не змог прыняць падарунак асабіста, таму ўдзельнікі акцыі перадалі яго жонцы.

Супрацоўнікі адзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН наведалі ветэрана партызанскага руху Любоў Аляшкевіч, а затым завіталі да Мікалая Дуткевіча, Паўла Бульскага, Лізаветы Салак, Юліана Маслоўскага, Паліны Кобзун, Аляксандры Талкачовай і Алены Угарэнка. Песні ваенных гадоў, што выканалі музычныя работнікі аддзялення, да слёз расчулілі сталых людзей.

Ад удзячных патомкаў ветэраны атрымалі падарункі, выслухалі сардэчныя пажаданні здароўя, павагі і любові ад родных і блізкіх.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.