Марына Самуль працуе з інтарэсам

Люди

IMG_0635У жніўні мінулага года ў арганізацыях, установах і на прадпрыемствах сваю працоўную дзейнасць пачалі больш за 100 маладых спецыялістаў. Новымі кадрамі папоўніліся і рады медыкаў нашага раёна. Так, у Відзаўскай участковай бальніцы зубным фельчарам  працуе жыццярадасная, энергічная і ветлівая Марына Самуль.

Сваім першым месцам працы малады спецыяліст цалкам задаволена. Дзяўчына родам з Мёршчыны, вучылася ў Аршанскім медыцынскім каледжы. Калі даведалася, што па размеркаванні давядзецца адправіцца на Браслаўшчыну, была толькі рада.

— Мяне ветліва прынялі ў калектыве, у кабінеце ёсць усё неабходнае абсталяванне і матэрыялы, а гэта вельмі важна, калі прыязджаеш на першае месца працы, — расказвае М. Самуль. — Да таго ж дапамаглі з жыллём — выдзелілі пакой у інтэрнаце каледжа. Застаецца толькі шчыра працаваць.

Безумоўна, пачынаць было няпроста, бо побач не было калег па гэтай спецыяльнасці і разлічваць даводзілася толькі на сябе. Праўда, калі трэба, Марына заўсёды магла звярнуцца да загадчыка стаматалагічным аддзяленнем ЦРБ Уладзіміра Радзюля. Цяпер такога хвалявання, як было ў першыя тыдні работы, ужо няма. Дзяўчына ўпэўнена бярэцца за справу і адзначае, што ў выбары прафесіі не расчаравалася.

Пра маладога спецыяліста добра адгукаецца і загадчык бальніцы Ігар Баранаў:

— Раней да нас прыязджалі стаматолагі з Браслава, а цяпер у нас свой зубны фельчар, што намнога лепш. Марына — добра падрыхтаваны, зацікаўлены ў сваёй справе работнік. Калі нешта не ведае, заўсёды запытае, разбярэцца ў справе. З лёгкасцю яна знаходзіць падыход да кожнага пацыента, маленькага ці дарослага, таму пра работу дзяўчыны можна пачуць толькі добрыя водгукі.

За дзень Марына прымае больш за 15 пацыентаў, сярод іх шмат дзяцей. У асноўным дзяўчына лечыць зубы, аднак калі трэба тэрмінова, даводзіцца і выдаляць. Хоць зубны ўрач і года яшчэ не адпрацавала, аднак мясцовыя жыхары пераканаліся, што Марына заўсёды акажа ўрачэбную дапамогу і яна будзе сапраўды кваліфікаванай. Часта зубных урачоў пацыенты баяцца, а вось да Марыны Самуль яны прыходзяць без хвалявання. Ведаюць, што дзяўчына супакоіць, зробіць усё акуратна і амаль бязбольна.

У Відзаўскай бальніцы дзяўчына працуе з інтарэсам, а што будзе далей, яна пакуль не загадвае. Кажа, пажывём — пабачым.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.