Запамінальны красавік для музыкантаў

Отдых

SAM_0601Красавік стаў па-сапраўднаму ўдалым для педагогаў і навучэнцаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў і яе Друеўскага філіяла. Яны сталі пераможцамі ў трох конкурсах рознага ўзроўню.

Поспех пачаўся з ХIV міжнароднага конкурсу салістаў-акардэаністаў у Даўгаўпілсе. Удзел у ім прымалі 243 удзельнікі з 88 музычных устаноў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Сербіі, Польшчы, Швейцарыі, Расіі, Францыі і інш. Ацэньвала выступленні канкурсантаў канкурсантаў кампетэнтнае міжнароднае  журы, у склад якога ўвайшлі прафесары акадэміі музыкі і педагогі з Белграда, Вільнюса, Таліна, Санкт-Пецярбурга. Юныя браслаўскія музыканты не разгубіліся і выдатна паказалі свае ўменні ігры на баяне і акардэоне.

Дыпломамі другой ступені былі адзначаны  Даніла Рубанік (педагог Л. Новікава), Павел Лібік і Арцём Піскун (педагог А. Цітовіч), а Мікіта Плясун  (педагог І. Бялусь) прывёз дадому дыплом 3 ступені.

Літаральна праз некалькі дзён пасля поспеху ў Латвіі, браслаўчане прынялі ўдзел у фестывалі маладых выканаўцаў імя М. Пятрэнка ў Полацку. Ён праводзіўся па некалькіх намінацыях. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі Оршы, Докшыц, Бягомля, Шуміліна і іншых гарадоў Віцебскай вобласці.

Першымі ў намінацыі інструментальнае выкананне сталі Дзяніс Ясіновіч (баян, педагог І. Бялусь), Дар’я Каламыцава, Алена Волкава (фартэпіяна, педагог Т. Ферко).  Удалае выступленне прынесла другое месца вакальнаму дуэту ў складзе Міланы Сідарук і Дар’і Ахрамовіч (педагог Д. Козыр) і трыа ў складзе  Кацярыны Гірон, Кацярыны Івановай, Дар’і Картышэвай (педагог А. Гірон). Дыплом за трэцяе месца ў намінацыі вакал атрымала  Кацярына Гірон (педагог А. Гірон).

І завяршыўся красавік на прыемнай ноце. На  V адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе фартэпіяннай музыкі ім М. Грушвіцкага Дар’я Каламыцава была ўдастоена спецыяльнай прэміі школы-гімназіі ім. Ахрэмчыка.

Поспехі нашых юных музыкантаў не могуць не радаваць. Несумненна, гэта вынік іх сумеснай карпатлівай і штодзённай працы з педагогамі. Няхай гэтыя перамогі стануць не апошнімі на іх музычным шляху.

Алена Набеева.