Дажджлівае надвор’е перакрэсліла ўсе планы хлебаробаў раёна

Деньги

IMG_0118Апошняя дэкада красавіка сваім дажджлівым надвор’ем перакрэсліла ўсе планы хлебаробаў раёна, якія разлічвалі да 1 мая ўправіцца з сяўбой збожжавых і зернебабовых, прыступіць да падрыхтоўкі глебы пад пасевы кукурузы. Паўтара тыдня тэхніка практычна прастойвала на мехдварах. Праўда, не ўсюды. Напрыклад, у «Слабодцы-агра» не выязджалі на палі толькі два дні. У астатнія хоць па 10–15 гектараў  ды засейвалі. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Пётр Карандзей, іншага падыходу быць не магло, вось і стараліся апрацаваць кожны кавалачак зямлі, які ў перапынках паміж дажджамі паспяваў падсохнуць.

Такія падыходы да арганізацыі работ паспрыялі таму, што хлебаробы сельгаспрадпрыемства першымі ў раёне закрылі план па зернебабовых, пасеялі на канец тыдня больш за 400 га ячмяню, амаль усю адведзеную пад рапс плошчу. Дарэчы, усе плошчы абавязкова пасля сеялак яшчэ і баранавалі.

Асаблівую ўвагу надае агранамічная служба пасеву шматгадовых траў па яравых збожжавых. Разам з перазалужэннем там разлічваюць закласці новыя сенакосы і пашы на плошчы ў 1400 гектараў. Ужо больш за палову плана закрыта. Прычым у структуры траў асноўнае месца займаюць бабовыя як у чыстым выглядзе, так і ў сумесях. Гаспадарка паспяхова займаецца развядзеннем насення траў, таму мае чым сеяць. Нават шматкампанентную пашавую сумесь рыхтуюць самі. Для гэтага змешваюць насенне чырвонай, ружовай і белай канюшыны, чырвонай і лугавой аўсяніцы, райграсу і цімафееўкі.

Пачынаючы з мінулага чацвярга, кожны дзень на палеткі ўслед за пасяўнымі агрэгатамі АПП-6 выходзяць трактары з травянымі сеялкамі. Хоць яны і старэнькія, але дзякуючы ўмелым рукам механізатараў, такіх як Іван Кострыкаў, яшчэ служаць.

Недахоп мінеральных угнаенняў прымушае агранома карэкціраваць і структуру збожжавага кліна. Без паўнацэннай запраўкі глебы тукамі, лічыць П. Карандзей, пшаніцу сеяць — толькі страты несці. Таму гэтую культуру размесцяць толькі там, дзе восенню ўносілі гной. Па свежаўзараных травах плануе сеяць зернебабовыя. Ім пазнейшая сяўба не пашкодзіць, а ў экстрэмальнай сітуацыі можна будзе зжаць на падкормку ці закласці ў сянаж.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.