Станіслаў Кяпсня: сапраўдны гаспадар

Деньги Люди

IMG_5456Працоўны стаж Станіслава Кяпсні на пасадзе старшыні Слабодкаўскага сельскага Савета дэпутатаў налічвае больш за 20 гадоў, таму клопаты і патрэбы людзей, а таксама падведамасную тэрыторыю ён ведае дасканала. Яшчэ раз упэўнілася ў гэтым падчас рабочай паездкі па ваколіцах Слабодкі з дзейным і руплівым гаспадаром цудоўнага краю.

Як вядома, прыродны брыльянт патрабуе і прыгожага абрамлення. Вось і даводзіцца старшыні ўвесь час трымаць у полі зроку кожны куточак тэрыторыі. І без трывалага жадання працаваць для агульнай справы тут ніяк не абысціся.

Вядома, накірункаў дзейнасці ў сельвыканкама шмат. Але работу з людзьмі Станіслаў Вацлававіч лічыць асноўнай. Людскія праблемы не чакаюць прыёмнага часу, таму старшыні даводзіцца штодзень вырашаць наспелыя пытанні вяскоўцаў, развязваць жыццёвыя вузлы, выступаць міратворцам у сямейных канфліктах.

  • Узаемаадносіны з людзьмі, — кажа С. Кяпсня, — вельмі важныя ў рабоце мясцовай улады. І чым больш людзі давяраюць ёй, тым лягчэй вырашаюцца надзённыя праблемы.

Чалавек, якога акружае прывабнае наваколле, сам прыгажэе душой і думкамі. Таму добраўпарадкаванне вёсак для мясцовай улады таксама стаіць у прыярытэце. У цесным супрацоўніцтве ў гэтым накірунку старшыня працуе з кіраўніцтвам ААТ “Слабодка-агра”, арганізацыямі і ўстановамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, з мясцовымі дэпутатамі, старэйшынамі вёсак і насельніцтвам.

За мінулы год на навядзенне парадку на зямлі са сродкаў бюджэта сельсавета было зрасходавана 403 млн руб. Выдалена 99 аварыйных дрэў, знесена 7 лядашчых дамоў, абсталяваны два супрацьпажарныя вадаёмы, а з пачатку бягучага года — яшчэ тры. Пастаянна вядзецца рамонт вуліц і дарог, праводзяцца высечка хмызняковай расліннасці на прыдарожных палосах, абкосы прыдамавых тэрыторый, ідзе барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага.

Безумоўна, каб выхаваць у маладога пакалення пачуццё гонару за сваю малую радзіму, трэба стварыць трывалы падмурак. Гэта добра разумее і С. Кяпсня. Так, для самых маленькіх жыхароў у Рубяжы з’явілася спартыўна-дзіцячая пляцоўка, а на рамонт Слабодкаўскай школы і ўстановы культуры летась выдзелілі па 100 млн руб.

  • Плошча Слабодкаўскага сельсавета складае 12080 га, на яго тэрыторыі знаходзіцца 59 населеных пунктаў, у якіх пражывае 2306 жыхароў, у тым ліку працаздольнага ўзросту — 1310, дашкольнага — 40, ва ўзросце да 16 гадоў — 412, пенсіянераў — 665.

Шматлікія абсталяваныя месцы адпачынку на берагах азёраў прывабліваюць сваёй прыгажосцю і зручнасцю аматараў прыроды. Значную дапамогу ў добраўпарадкаванні пляжа ў в. Муражы аказала ПУП “Віталіч”.

Памяць патрэбна не мёртвым — яна патрэбна жывым, лічыць Станіслаў Вацлававіч. Таму ўсе помнікі загінулым воінам і грамадскія могілкі ўтрымліваюцца ў належным стане.

Аказваецца значная шэфская дапамога мясцоваму сельгаспрадпрыемству. Некалькі дзён на тыдні педагогі, персанал псіхіятрычнай бальніцы, работнікі ўчастка КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”, іншыя арганізацыі і мясцовае насельніцтва шчыруюць на жывёлагадоўчых фермах і зернясховішчах, а таксама на ўборцы камянёў на палях. Поўным ходам ідзе будаўніцтва пастаўнікоў для цялят на ферме “Слабодка”, вядзецца рамонт цялятнікаў.

  • Работы ў сельскай мясцовасці хапае, — кажа Станіслаў Вацлававіч. — У якую вёску ні загляні — усюды знойдзеш нямала месц, дзе трэба навесці парадак.

У задуме мэтанакіраванага і ініцыятыўнага старшыні адрамантаваць так званы “гарбаты” мост паміж Міхееўцамі і Зарэччам. Ды і вясна сельскім жыхарам заўсёды прыносіць мноства спраў і клопатаў. Тым не менш, азначае С. Кяпсня, жыць з перспектывай вельмі важна.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: Станіслаў Кяпсня кіруе будаўніцтвам пастаўнікоў на ферме “Слабодка”.