Пра што пісала “Браслаўская звязда” 30 гадоў таму назад (красавік 1986-га)

Калейдоскоп

IMG_7366Узводзіцца новы дзіцячы сад

Другі год у новым мікрараёне райцэнтра ПМК-145 узводзіць дзіцячы сад-яслі. Тэрмін здачы яго ў эксплуатацыю пераносіўся і назначаны цяпер на другі квартал гэтага года.

Супраць зла — усёй грамадскасцю

З адабрэннем і вялікай удзячнасцю сустрэлі браслаўчане Пастанову ЦК КПСС аб пераадоленні п’янства і алкагалізму. Змены ў лепшы бок відавочныя: на вуліцах райцэнтра значна менш п’яных, здаравейшай стала атмасфера ў многіх сем’ях.

Цікавыя сустрэчы з жывёлаводамі

Агітбрыгада раённага Дома культуры рэгулярна выязджае ў вёскі, праводзіць у чырвоных кутках ферм дні культуры для жывёлаводаў. Актывізуюць работу і мясцовыя культработнікі. Так, на малочнатаварнай ферме “Мількі” саўгаса “Браслаўскі” правялі гутарку па кнізе З. П. Грыбок “Шлях да высокіх надояў”.

Тут будзе закладзена бальніца

Звонам піл і сякер у час камуністычнага суботніка напоўніўся лесапарк Леснічоўка. У гэты знамянальны дзень тут пачаліся падрыхтоўчыя работы да закладкі фундаментаў райбальніцы і паліклінікі — доўгачаканай мары ўсіх жыхароў Браслаўшчыны.

У рады юных ленінцаў

У дзень нараджэння У. І. Леніна, 22 красавіка, вучняў трэціх класаў Браслаўскай СШ прымалі ў піянеры. Ля помніка вялікаму правадыру юныя ленінцы давалі ўрачыстую клятву на вернасць ленінскім запаветам, справе Камуністычнай партыі.

Узнагарода

За актыўны ўдзел у дзейнасці Савецкага фонду міру Ганаровай граматай Беларускага аддзялення СФМ узнагароджаны Опсаўскі сельсавет.

У надзейныя рукі

Некалькі дзён таму назад трактарны парк калгаса імя Заслонава папоўніўся яшчэ

адным магутным Т-150 К. Цяпер ужо тры такія сталёвыя асілкі ў гаспадарцы. Новая тэхніка перададзена ў надзейныя рукі акуратных, сумленных механізатараў.

Крылатыя памочнікі

Звыш 3,5 тысяч гектараў плануецца гэтай вясной падкарміць мінеральнымі ўгнаеннямі ў калгасе “Уперад”. Для гэтых мэт у гаспадарку прыбыў самалёт. Яго экіпаж адразу ж прыступіў да работы.

Да стала працоўных

Пашырае асартымент сваёй прадукцыі за кошт мясцовай сыравіны кансервавы цэх Браслаўскага рыбазавода. У гэтым месяцы ў гандлёвай сетцы з’явяцца новыя кансервы “Шчупак у масле” і “Плотка ў таматным соусе”.

Маладое папаўненне

Відзаўскае СПТВ-169 накіравала на веснавую вытворчую практыку ў гаспадаркі вобласці 142 маладых навучэнцаў — будучых механізатараў. 75 з іх будуць працаваць у Браслаўскім раёне. Маладыя механізатары на практыцы замацуюць атрыманыя веды.

Паступаюць у музей экспанаты

У мінулым месяцы дырэкцыя музея звярнулася да браслаўчан з просьбай аказаць дапамогу ў зборы рэдкіх рэліквій і дакументаў пра гістарычнае мінулае нашага краю. Многія адгукнуліся і папоўнілі музейныя фонды старажытнымі манетамі, рэчамі даваеннага быту, сямейнымі фотаздымкамі і дакументамі.

Старонкі газеты гартала

Жанна Бялько.