Нашы перамогі ў рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў

Отдых

1806_eiВіцебскі абласны палац дзяцей і моладзі пастаянна ладзіць цікавыя творчыя конкурсы і спаборніцтвы. Часта ўдзельнічаюць у іх юныя браслаўчане, іх педагогі, і, што асабліва прыемна, вяртаюцца адтуль з прызавымі месцамі. Вось і нядаўна былі падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”.

Конкурс быў накіраваны на развіццё творчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў па энергазберажэнні і актывізацыю даследчай дзейнасці па пытаннях змянення клімату і энергетыкі.

Усяго на абласны этап конкурсу паступіла 175 работ з 73 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 7 — дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сярод іх былі і праекты браслаўчан.

У выніку пераможцы былі вызначаны ў некалькіх катэгорыях. У намінацыі “Праекты па тэме энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і ўзнаўляемай энергетыцы”  граматай была адзначана калектыўная работа Яўгена Молакава, Данілы Зянчонка і Пятра Бурлакова з Мяжанскай школы (кіраўнік У. Забароўскі). У катэгорыі “Практычны ўрок “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў” змагаліся праекты настаўнікаў. Дыпломам 2 ступені былі адзначаны адразу два педагогі раёна: Ганна Васілеўская з Быстрымаўскай школы і Алена Далецкая з СШ №2. У гэтай жа намінацыі граматай адзначана Алена Саўчанка з ясляў-сада №2 г. Браслава.

Днямі ў вобласці былі падведзены вынікі яшчэ аднаго творчага конкурсу: абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — вынаходнік”. На конкурс ад нашага аддзела адукацыі, спорту і турызму былі прадстаўлены 4 работы выхаванцаў садкоў, якія раней перамаглі ў раённым этапе. Усе работы юных даследчыкаў былі высока ацэнены журы, адна нават заваявала прызавое месца. У намінацыі “Бюро знаходак” трэцяй стала даследчая работа Алёны Жойдзь з ясляў-сада №4 г. Браслава.

Таццяна Пятушка.