Відзаўскія эколагі — лепшыя

Отдых

IMG_0624Сёлета свет адзначае 30-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі. Напярэдадні гэтай даты ў Віцебску прайшоў абласны экалагічны фестываль “Рэха Чарнобыля”, на які сабраліся больш за 40 агітбрыгад і тэатраў з усіх куткоў вобласці. Браслаўшчыну прадставілі вучні Відзаўскай  школы. І, як пазней аказалася, паспяхова. З экалагічнага фестывалю відзаўчане вярнуліся з першым месцам.

Увогуле ж пераможцаў вызначалі ў чатырох намінацыях: “Экалагічная агітбрыгада”, “Экалагічны тэатр”, “Фларыстычны тэатр”, “Тэатр моды”. Каманда юных відзаўчан “Экалагічны рынг” паспрабавала сілы ў першай. У сваім выступленні школьнікі  яшчэ раз нагадалі маладому пакаленню пра падзеі 1986 года, неабходнасць берагчы тое, што мы маем, адказнасць за свае дзеянні. Выступленне юных эколагаў з нашага раёна было адным з самых відовішчных. У сваім нумары каманда “Экалагічны рынг” спявала, танцавала, выкарыстоўвала элементы тэатральнай пастаноўкі, не абышлося і без традыцыйных для выступлення агітбрыгад заклікаў памятаць пра падзеі 30-гадовай даўнасці і абараняць планету. Каманда, у склад якой увайшлі Дзмітрый Гардзевіч, Данііл Павініч, Віктар Паляк, Лізавета Ніжнікава, Марыя Ракель, Валерыя Гараніна, Вераніка Станюль, Настасся Мацук, Кацярына Абалевіч, Лізавета Жарнасекава, сваёй актыўнасцю, запалам і пастаноўкай нумара адразу пакарыла журы. Таму аднагалосна было вырашана прысудзіць перамогу відзаўскім эколагам.

Ураджаннямі падзялілася намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ганна Баліка:

— Для нас гэта першая буйная перамога ў абласным фестывалі “Рэха Чарнобыля”. Намінацыя, у якой мы ўдзельнічалі, была самай масавай, аднак нам удалося абысці нават каманды з гімназій такіх буйных гарадоў як Віцебск, Полацк, Наваполацк. Гэта стала магчымым дзякуючы нашым вучням, якія адказна падышлі да справы і педагогам — Аліне Насыр, Наталлі Красняковай, Алене Бялусь і Ганне Бэйнар, што стварылі і паставілі выступленне. Нашы пераможцы ўжо выступілі і ў раёне, на семінары педагогаў дадатковай адукацыі, які прайшоў на базе Відзаўскай школы. Будзем спадзявацца, гэта перамога для нас не апошняя.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.