Дачакалася ферма рамонту

Деньги

IMG_9886У канцы мінулага года ў газетнай публікацыі пад загалоўкам «Каму ж больш патрэбна» расказвалася пра незадавальняючыя ўмовы працы ў цялятніку на ферме «Вісяты» КУСП «Браслаўскі», дзе даглядчыкам даводзілася выдаляць гной уручную, пагрозу разбурэння і абвалу столі. А ў лютым гэтага года ўзгаданае памяшканне нават трапіла ў поле зроку ўдзельнікаў сумеснага выязнога пасяджэння прэзідыума райсавета і райвыканкама, на якім запрошаным на мерапрыемства паказвалі «як нельга ўтрымліваць жывёлу». Тады аб’ект быў узяты кіраўніцтвам раёна пад асобны кантроль.

Мабыць, такая пільная ўвага і прымусіла дырэктара гаспадаркі больш энергічна і рашуча шукаць сродкі на рэканструкцыю памяшкання. Як толькі сышоў снег і пацяплела, на ферме з’явілася брыгада будаўнікоў. Знялі шыфер з даху, разабралі прагніўшую столь, узяліся за бетаніраванне падлогі.

Па плане рэканструкцыі ў абноўленым цялятніку жывёла будзе ўтрымлівацца бяспрывязна, на глыбокім подсціле. Кармленне — механізаванае.

Праўда, як казалі будаўнікі, яны маглі б паспяваць выконваць большыя аб’ёмы работ, каб не здаралася затрымак з паступленнем будматэрыялаў. Тым не менш яны запэўнілі, што ўзнятыя на сябе абавязацельствы выканюць.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.